Паспець за 4 гадзіны. Правайдараў абавязалі тэрмінова абмяжоўваць доступ да «забароненых» сайтаў

Цяпер правайдары і мабільныя аператары абавязаны на працягу чатырох гадзін ад моманту ўключэння ў спіс «забароненых» абмежаваць доступ да канкрэтнага інтэрнэт-рэсурсу.

film_pjataja_vlast.jpg

Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце (ААЦ) выдаў пастанову, якой упарадкуецца працэдура блакіравання непажаданых сайтаў. Калі раней пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг правяралі спіс абмежаванага доступу раз на суткі, то цяпер мусяць рабіць гэта кожныя тры гадзіны на працягу дня.

Дакумент апублікаваны 23 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, прычым пад ім подпісы кіраўнікоў адразу трох ведамстваў — начальніка ААЦ Андрэя Паўлючэнкі, міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова.

Удакладняецца, што пастанова ўступае ў сілу не адразу, а праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання, то-бок у апошняй дэкадзе кастрычніка.

«Дзяржаўная інспекцыя ў дзень атрымання паведамлення Міністэрства інфармацыі, пастановы Генеральнага пракурора, пракурора вобласці, горада Мінска ўключае ў спіс абмежаванага доступу: ідэнтыфікатары інтэрнэт-рэсурсаў, названыя ў рашэнні, апавяшчэнні, пастанове. Калі ў пастанове перад ідэнтыфікатарам інтэрнэт-рэсурсу — даменным імем — у мэтах канкрэтызацыі меж абмежавання доступу таксама пазначаны сімвалы «*.», гэтыя сімвалы ўключаюцца ў спіс абмежаванага доступу (напрыклад, «*.#####.com»)».

Дакументам, у прыватнасці, вызначана, што цяпер да спісу абмежаванага доступу (туды ўносяцца ўсе інтэрнэт-рэсурсы, якія трапілі пад абмежаванні) маюць доступ не толькі Міністэрства сувязі, Міністэрства інфармацыі, КДБ, МУС, КДК ды іншыя сілавікі, але і ўладальнікі агрэгатараў навін.


«Дзяржаўная інспекцыя з выкарыстаннем афіцыйнага сайта ў камп'ютарнай сетцы інтэрнэт забяспечвае магчымасць праверкі на бязвыплатнай аснове інфармацыі аб знаходжанні на момант запыту ідэнтыфікатара інтэрнэт-рэсурсу ў спісе абмежаванага доступу. Праверка ажыццяўляецца на падставе запыту, які афармляецца з дапамогай запаўнення на афіцыйным сайце Дзяржаўнай інспекцыі электроннай формы і павінен утрымліваць даменнае імя, або IP-адрас, або URL адпаведнага інтэрнэт-рэсурсу».

Згодна з пастановай, істотна скарачаецца час рэагавання на прызнаных кампетэнтнымі органамі рознага кшталту «экстрэмістаў». Так, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг — правайдары і мабільныя аператары — абавязаны на працягу чатырох гадзін ад моманту ўключэння ў спіс «забароненых» абмежаваць доступ да канкрэтнага інтэрнэт-рэсурсу.

Іншымі словамі, калі раней яны павінны былі правяраць базу толькі раз на суткі, то цяпер іх абавязалі рабіць гэта кожныя тры гадзіны ў перыяд з 9.30 раніцы да 21.30 вечара.

«Пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг на працягу чатырох гадзін з моманту ўключэння Дзяржаўнай інспекцыяй ідэнтыфікатара інтэрнэт-рэсурсу ў спіс абмежаванага доступу абавязаны абмежаваць доступ. У выпадку, калі ідэнтыфікатар інтэрнэт-рэсурсу ўключаны ў спіс абмежаванага доступу толькі ў выглядзе даменнага імя (без указання IP-адраса) альбо толькі ў выглядзе IP-адраса (без указання даменнага імя), пастаўшчыкі абмяжоўваюць доступ па гэтым ідэнтыфікатары інтэрнэт-рэсурсу, уключаючы ўсе сеткавыя парты».

Ад пачатку татальнай зачысткі грамадзянскай супольнасці па слядах мірных акцый 2020 года ў «экстрэмісцкія спісы» трапілі дзясяткі найменняў інфармацыйнай прадукцыі.


Так, «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» ў Беларусі прызнаны звыш 80-ці СМІ, тэлеграм-каналаў, абʼяднанняў і фондаў.

Спіс у адкрытым доступе выкладзены на сайце МУС. Прысваенне такога статусу адвольнае і не мае нейкай сістэмнасці: каб яго атрымаць, дастаткова проста не ўпісвацца ў ідэалогію рэжыму і быць актыўным у сваёй галіне.

Што да колькасці носьбітаў «экстрэмісцкіх матэрыялаў», дык яна яшчэ большая — ужо далёка перасягнула сотню, пра што сведчыць абноўленая «база» на сайце Міністэрства інфармацыі. А калі зазірнуць далей за посттраўматычны 2020-ты, дык агулам «чорны спіс» перавышае 1000 пазіцый.  

Паводле Службы маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў