Стала вядома, за што Мінінфарм заблакаваў буйны недзяржаўны партал
Сайт інтэрнэт-рэсурсу Blizko.by перастаў адкрывацца 21 верасня — ён быў недасяжны ні ў Беларусі, ні за мяжой. Цяпер стала вядомая прычына закрыцца буйнога партала.
![Фота з фэйсбуку Blizko.by Фота з фэйсбуку Blizko.by ](/img/v1/images/304977202_600309011583565_430155478341763082_n.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з фэйсбуку Blizko.by
Blizko.by быў адным з найбуйнейшых недзяржаўных інтэрнэт-рэсурсаў, пісаў пра Мінск, Беларусь, публікаваў і сусветныя навіны, у тым ліку і пра вайну ва Украіне. Паводле Similarweb.com, у жніўні партал наведалі 4,8 мільёна чытачоў.
21 верасня пры спробе зайсці на партал можна было пабачыць надпіс пра тое, што «доступ да рэсурсу абмежаваны ў мэтах выканання рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага на падставе Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”».
Цяпер стала вядома, за што Мінінфарм заблакаваў партал.
Тэлеграм-канал «Позірк» паведаміў, што партал blizko.by быў заблакаваны з-за згадкі блогера Антона Матолькі, якога ўлады ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў». Гэта навіна была на партале з 2021 года.