«Патрабавалі разарваць партрэт Ціханоўскай». Што вядома пра аблаву ў Светлагорску
На пачатку гэтага тыдня ў Светлагорску прайшлі масавыя ператрусы і затрыманні. Праваабаронцам сталі вядомыя некаторыя дэталі.
Жыхароў горада кашмарылі на працягу двух дзён. Паводле сведчанняў, назіраўся рух немясцовых
мікрааўтобусаў ад будынку КДБ да РАУСа і потым па горадзе.
Паведамляецца пра выпадкі, калі для вобшуку ў кватэры
выбівалі дзверы, мужчын пры затрыманні збівалі, а каля будаўнічага трэста №20
затрымалі чалавека з відавочнай інваліднасцю (падобна, з сіндромам Дауна), пры
гэтым яго збілі з ног ударамі ў жывот, затым даставілі ў РАУС і змясцілі ў ІЧУ.
Агулам, паводле неўдакладненых звестак, былі затрыманыя 17
чалавек. Затрыманых перавозілі і вадзілі па РАУС ў кайданках. Частка людзей —
Таццяна Жураўская, Анатоль Змітровіч, Павел Халунін і іншыя — былі змешчаныя ў
ізалятар часовага ўтрымання, некаторыя — напрыклад, Людміла Самбурава і Руслан
Шаплякоў — адпушчаныя да суда. Вікторыя Шатрова, у якой пасля затрымання ў
РАУСе значна пагоршылася самаадчуванне, была адвезеная ў бальніцу і
шпіталізаваная.
У наступныя дні судом Светлагорскага раёна былі накладзеныя
арышты і штрафы па адміністрацыйных справах. Так, Дзмітрый Жураўлёў арыштаваны
на 15 сутак, Аляксандр Мосар — на 10 сутак (ён заявіў, што грошай у яго няма і
штраф плаціць няма чым). Штраф у 20 базавых велічынь павінна сплаціць Жураўская
(старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання сацыяльнай накіраванасці
«Людзі плюс»), 10 базавых велічынь — Змітровіч (у мінулым актывіст
прадпрымальніцкага руху).
Штраф у 10 базавых велічынь выпісалі пенсіянерцы, былому
эколагу Ганне Сомавай. У яе планшэце знайшлі падпіску на «экстрэмісцкія»
каналы. Да суда жанчыну пратрымалі ў ІЧУ каля трох сутак, якія запісалі як
затрыманне на 72 гадзіны па крымінальнай справе. Разам з ёй у камеры
знаходзіліся яшчэ трое гараджанак, змешчаных туды ў выніку гэтых жа
затрыманняў.
Ад Сомавай запатрабавалі пад відэазапіс разарваць партрэты
Святланы Ціханоўскай і яе мужа Сяргея Ціханоўскага.
Спагнанні судом накладаліся паводле артыкула 19.11 Кодэкса
аб адміністратыўных правапарушэннях — распаўсюджанне «экстрэмісцкіх
матэрыялаў».
Вобшукі і агляды праводзіліся яшчэ ў шэрагу жыхароў горада,
але ў іх не знайшлі нічога, што стала б прычынай затрымання.