Паўтара года рэпрэсій у беларускіх ВНУ: хто пацярпеў і за што?

Вярбоўкі, арышты, адлічэнні. Якім рэпрэсіям падвергнуліся студэнты і выкладчыкі ў Беларусі за паўтара года пасля выбараў 2020 года распавядае dw.com.

fota_jany_trusila__novy_czas_logo_1.jpg


39 студэнтаў прызнаныя палітвязнямі, сотні маладых людзей прайшлі праз адміністрацыйныя арышты і сутыкнуліся з крымінальным пераследам. «Задзіночанне беларускіх студэнтаў« (ЗБС, «Асацыяцыя беларускіх студэнтаў») падрыхтавала справаздачу аб тым, што адбывалася ў беларускіх ВНУ з 2020-га па студзень 2022 года. Маштаб рэпрэсій за паўтара года ўражвае.

Рэпрэсіі ў лічбах

1479 чалавек з акадэмічнага асяроддзя падвергнуліся рэпрэсіям і ціску. З затрыманнямі сутыкнуліся амаль 500 студэнтаў, 52 трапілі пад крымінальны пераслед. Больш за 260 чалавек адлічылі з ВНУ па палітычных матывах, з гэтай жа прычыны працу страцілі не менш за 150 выкладчыкаў. І гэта — далёка не поўныя звесткі, якія адлюстроўвалі б рэальнае становішча спраў у ВНУ, кажа Максім Зафранскі, міжнародны сакратар «Задзіночання беларускіх студэнтаў».

60789858_7.png


«У справаздачы мы паказвалі, што не прэтэндуем на поўную карціну. Ацаніць яе складана, паколькі многія выпадкі рэпрэсій застаюцца ў ценю. Некаторыя студэнты і выкладчыкі не хочуць дзяліцца тым, што з імі адбылося, таму што баяцца за сваю бяспеку і за тое, што ў іх могуць узнікнуць яшчэ большыя праблемы», — тлумачыць Максім Зафранскі.

Адміністрацыйныя арышты

ЗБС зафіксавала мінімум 492 выпадку затрымання студэнтаў па адміністрацыйных артыкулах. Сумарна яны выплацілі амаль 40 тысяч рублёў штрафаў і правялі пад арыштам практычна 2 тысячы дзён. І гэта даныя толькі па тых справах, вынікі якіх сталі вядомыя ЗБС.
Студэнт БДУІР (Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі) Ян Салановіч, які вучыўся на факультэце радыёэлектронікі, быў першым, на кім сілавікі ўжылі практыку «перазатрыманняў». Упершыню яго арыштавалі 1 лістапада 2020 года — на волю ён выйшаў праз 86 сутак і практычна адразу ж з'ехаў з краіны.
Да студэнтаў БДУ (Беларускага дзяржаўнага універсітэта) Віялеты Людчык і Роберта Казака сілавікі праявілі ўвагу проста ля ўваходу на студэнцкі фестываль «BSUfest» у траўні 2021-га. За налепку з «Пагоняй» Роберт атрымаў 15 сутак арышту, за стыкер з бчб-сцягам Віялета павінна была заплаціць 2900 рублёў, да суда дзяўчына два дні правяла ў ІЧУ.
Савелія Дубовіка і Вольгу Вайтовіч, цяпер ужо былых студэнтаў БДУ, затрымалі 14 траўня 2021 года, калі яны прыйшлі да будынка суда, дзе пачалі разглядаць «справу студэнтаў». У той дзень на хлопцаў склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні і адпусцілі, пазней ім прысудзілі штрафы, а 1 чэрвеня адлічылі з універсітэта. Пасля гэтага Савелія яшчэ раз затрымалі і далі яму 15 сутак нібыта за непадпарадкаванне.
Кацярына Віннікава ўжо была выпускніцай юрфака БДУ, калі да яе «прыйшлі» з-за таго, што на ўручэнні дыплома яна падзякавала сваім выкладчыкам, у тым ліку адвакату-палітвязню Максіму Знаку. Наступныя 15 дзён яна правяла на Акрэсціна.
Некаторых затрымлівалі ў інтэрнатах ВНУ, пяцярых студэнтаў МДЛУ (Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта) — проста ў будынку ўніверсітэта. Тады, у верасні 2020 года, у галоўны корпус ВНУ ўвайшлі супрацоўнікі АМАПа і схапілі тых, хто спяваў «Марсэльезу». Пазней студэнтаў адпусцілі, але аштрафавалі па складзеных пратаколах.

Крымінальныя артыкулы

Як піша ЗБС, мінімум 52 студэнты сталі фігурантамі крымінальных спраў, 10 з іх — асуджаныя па «справе студэнтаў» — пазбаўленыя волі непасрэдна за студэнцкі актывізм.
З крымінальным пераследам сутыкнуліся мінімум 9 студэнтаў БДУ. 20-гадовы Арцём Баярскі, прызёр алімпіяд па хіміі, прысуджаны да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму: яго абвінавачвалі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання; 23-гадовы Яўген Каліноўскі атрымаў 4 гады пазбаўлення волі. Дваіх студэнтаў БДУ — з гістфака і юрфака — затрымалі восенню 2021-га за каментары аб гібелі супрацоўніка КДБ і IT-спецыяліста. Суда над імі яшчэ не было, іх абвінавачваюць у «распальванні варожасці» і «абразе прадстаўніка ўлады».
Аляксея Мачалава з БДУІР асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі» па артыкуле аб «публічнай абразе прадстаўніка ўлады». Іван Новікаў быў асуджаны за ўдзел у маршы. Яго затрымалі праз год пасля тых падзей і прысудзілі да трох гадоў папраўчых работ. Такое ж пакаранне атрымала Злата Януковіч — студэнтка хімфака БДУ з вядомага пратэснага фота.
21-гадовага Улада Марціновіча, які вучыўся на лячэбным факультэце БДМУ (Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта) і планаваў стаць лекарам, асудзілі на 4 гады калоніі за тое, што ён вёў тэлеграм-канал. На паўгода больш атрымаў Ілля Мігно, студэнт 2-га курса БрДТУ (Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта): суд прызнаў яго ўдзельнікам масавых беспарадкаў у Брэсце.


Звальненні выкладчыкаў

Выкладчыкі беларускіх універсітэтаў не раз аказваліся на «сутках» за сваю грамадзянскую пазіцыю. Напрыклад, у дзень прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў БДУ — гэта было ў студзені 2021-га — затрымалі траіх выкладчыкаў ВНУ. Пазней іх асудзілі на 14-15 сутак арышту, некаторых — ужо другі раз.
Частай практыкай стала звальненне выкладчыкаў у той час, пакуль яны адбывалі адміністрацыйны арышт. Так, напрыклад, адбылося з выкладчыкам БДУ Дзянісам Тучынскім.
Выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі стала падставай для звальнення Юрыя Стулава — выкладчыка МДЛУ з больш чым 50-гадовым стажам, які заступіўся за калег. З рэктарам Наталляй Дулінай перапынілі працоўныя адносіны «ў сувязі з прагуламі заняткаў», да гэтага яна падтрымала страйк студэнтаў, а пасля яе затрымалі і асудзілі на 14 сутак.
З Аленай Лаеўскай, якая працавала на юрфаку БДУ, папросту не працягнулі кантракт. Многія звязваюць гэта з тым, што яна — маці былога абаронцы Віктара Бабарыкі Дзмітрыя Лаеўскага, якога ў 2021 годзе пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.
«Цяпер многіх няўгодных выкладчыкаў звальняюць або ім не працягваюць кантракты, — каментуе Максім Зафранскі. — Гэта можна разглядаць як помсту за падзеі 2020 года».


Як яшчэ ціснуць на студэнцтва?

Не менш за 260 чалавек адлічылі з універсітэтаў па палітычных матывах. Але, паводле справаздачы, гэта далёка не адзіны механізм ціску на студэнтаў. Сотням за гэты час далі вымовы, пазбавілі стыпендый і месцаў у інтэрнатах, выклікалі на прафілактычныя размовы.
Яшчэ адзін спосаб пакарання — мяняць месца размеркавання. Так, да прыкладу, здарылася з выпускніцай БДМУ Настай Махамет. У сакавіку 2021 года яе затрымалі падчас устаноўчай канферэнцыі Лігі студэнцкіх аб'яднанняў, але адпусцілі. Летам яе павінны былі размеркаваць у Мінск, але нечакана адправілі працаваць у Магілёў.


У справаздачы ЗБС зафіксаваныя спробы КДБ вербаваць студэнтаў для супрацоўніцтва. З гэтым, да прыкладу, сутыкнуўся студэнт Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. У выпадку адмовы ад супрацоўніцтва яму пагражалі адлічэннем і перспектывай сысці ў войска. Студэнту давялося бегчы з Беларусі, цяпер ён вучыцца ў Польшчы.
На думку Максіма Зафранскага, такога размаху рэпрэсій не было ні ў 2006 годзе, ні ў 2010-2011-м. Яны моцна паўплывалі на рэпутацыю беларускіх ВНУ. У меншай ступені гэта адбілася на прывабнасці ВНУ для абітурыентаў: у некаторых з іх набор зменшыўся, як, напрыклад, у Акадэмію МУС або ваенную акадэмію, «але ў цэлым дзяржуніверсітэты выбіраюць як і раней». «І прычына ў тым, што альтэрнатывы практычна няма: не ўсе беларускія сем'і могуць дазволіць сабе адукацыю за мяжой», — кажа Зафранскі.
А вось на партнёрстве з замежнымі ўніверсітэтамі сітуацыя адбілася адчувальней. «Ёсць выпадкі, калі некаторыя еўрапейскія ВНУ перарываюць супрацоўніцтва (з беларускімі ВНУ.Заўв. рэд.) або замарожваюць яго на нявызначаны тэрмін, паколькі рэпрэсіі ніяк не адпавядаюць прынцыпам Балонскага працэсу», — кажа Максім.