Паведамляюць пра затрыманне уласніка «Тытана», «Цівалі» і «Трума». Ён сам напісаў на сябе заяву
Як стала вядома «Нашай Ніве», затрыманы буйны дзеяч сталічнай нерухомасці — Віталь Сініцкі. Ён кіруе кампаніяй «Сігмаполюс», якой належаць мінскія бізнес-цэнтры «Тытан», «Цівалі», «Арлан», «Хваля» (яе арандуе Wargaming), «Анкор», гандлёвы цэнтр «Трум», прамбаза на Гурскага і гэтак далей. Таксама Сініцкі займаецца забудовай участка насупраць тэатра Музкамедыі на Нямізе.
У свежым рэйтынгу паспяховых і ўплывовых бізнесменаў ад «Ежедневника» Сініцкі займае 38 месца.
Між тым вядома, што затрыманне Сініцкага адбылося ў выніку недарэчнага ланцужка падзей.
Паводле
інфармацыі крыніц, Сініцкі, назіраючы за сітуацыяй з бізнесамі ў пытанні гэтак
званага «драблення бізнеса» ( у прыватнасці, за кампаніяй «21vek»), вырашыў
падстрахавацца і напісаў на сябе заяву ў падатковую з просьбай правесці
праверку яго справаў.
«Маўляў,
падазраю, што ў мяне таксама могуць быць нейкія выпадкі, якія вамі могуць
трактавацца як драбленне. Праверце і патлумачце, як прывесці ўсё ў адпаведнасць
з законам», — расказваюць нашы суразмоўцы.
Праверка па
выніках заявы адбылася. На мінулым тыдні Сініцкі чакаў агучвання вынікаў. Але
на сувязь ён не выходзіць ужо з серады 22 верасня.
Жонка Сініцкага сказала, што не хоча каментаваць інфармацыю пра арышт
мужа.