У Брэсце судзяць восьмую партыю па «справе карагодаў». Сярод іх — палітвязень з Пружан Алег Кулеша

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 24 верасня пачаўся суд над восьмай групай па «справе карагодаў». У гэты раз шэсць чалавек выступаюць абвінавачанымі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), распавядае «Вясна».

brest_perekrestok_khorovody_2020_1.jpeg

Сярод абвінавачаных — палітзняволены пружанец Алег Кулеша, якога ўжо больш за тры месяцы ўтрымліваюць за кратамі.

Нагадаем, 13 верасня мінулага года на Маршы герояў у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам, а потым узбудзілі крымінальную справу. Следчыя выявілі 115 чалавек, якія мелі дачыненне да гэтага карагоду, а 108 з іх былі выстаўленыя абвінавачванні, 81 чалавеку ўжо вынесен прысуд.

Гэта адна з самых масавых «палітычных справаў» у гісторыі Беларусі. Справу супраць восьмай групы разглядае суддзя Марыя Аліферук, дзяржабвінавачванне падтрымлівае Андрэй Манько.

Як абвінавачванне гучыць у матэрыялах справы?

Паводле версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях.

Каго судзяць у гэты раз?

На лаве падсудных у гэты раз шэсць чалавек: Мікіта Дзмітрыеў, Ганна Кашырскіх, 49-гадовы палітзняволены жыхар Пружанаў Алег Кулеша, Сяргей Кунцэвіч, Дзмітрый Макарэвіч і Таццяна Пякарская.

Што адбываецца на працэсе?

За два пасяджэнні дапыталі ўсіх абвінавачаных, дзевяць сведак, вывучылі частку матэрыялаў справы.

На судзе 27 верасня перад тым як запусціць у залу суда, абвінавачваным і слухачам міліцыянты загадалі адключыць тэлефоны. Больш за тое, гэта правяралася, бо міліцыянты прасілі пасля гэтага коратка націснуць кнопку выключэння тэлефона і прадэманстраваць такім чынам, што тэлефон і сапраўды выключаны. Пра дадзеную асаблівасць пасяджэння распавёў адзін з прысутных на судзе.

«Падкрэслім, што патрабаванне выключыць тэлефон на судзе — патрабаванне, якое не адпавядае заканадаўству. Больш таго, гэта значна абмяжоўвае правы ўсіх удзельнікаў працэсу, бо супярэчыць прынцыпу галоснасці правасуддзя. А калісьці беларускія актывісты нават дамагліся ад Вярхоўнага суда прыняцця асобнай пастановы, дзе тлумачыцца: запісваць на дыктафон судовы працэс можна», — адзначаюць праваабаронцы.