«Як стануць вас забіраць, не будзе ўжо ані сумленных адвакатаў, ані валанцёраў, бо адны будуць сядзець, а другія з'едуць»
Год таму, 28 верасня 2020-га, настаўніца і пісьменніца Ганна Севярынец апублікавала ў Фэйсбуку пост аб тым, што будзе, калі вулічныя пратэсты спыняцца. Паглядзіце, наколькі спраўдзіліся яе словы.
Усім, каго «задзяўблі мірныя пратэсты па нядзелях, па горадзе не праехаць, у кафэ не схадзіць, дайце людзям жыць і адпачываць», я хачу сказаць наступнае.
Як толькі па нядзелях спыняцца мірныя пратэсты, адразу ж настане такі час:
— з бальніц і паліклінік звольняць самых сумленных і самых таленавітых дактароў, якія ўмеюць лячыць, бо гэтыя дактары выходзяць на пратэсты. Застануцца толькі тыя, хто раве на хворых, фальсіфікуе статыстыку па кавідзе, цягне час у прыёмных пакоях і адмаўляецца лячыць старых, бо ім і так паміраць. Хто будзе лячыць вас, вашых дзяцей і вашых старых, застаецца пад пытаннем.
— са школ выганяць тых настаўнікаў, якія насуперак усяму працягваюць вучыць дзяцей па-сапраўднаму, а застануцца тыя, хто ставіць «двойкі» за паводзіны, дакалупваецца да дрэс-коду, крычыць на дзяцей і ўсе дысцыплінарныя пытанні вырашае пастаноўкай у СНС. Як будуць вучыцца вашыя дзеці і ўнукі — не ведаю.
— закрыюцца кафэ і рэстараны, бо кагосьці пасадзяць, а большасць проста з'едзе. Застануцца крамы «Родны кут», райпошныя забягалаўкі, ну, і пара-тройка піцэрый, канешне. От туды і будзеце хадзіць.
Ратавальнікі АСВОДу, перш чым кагосьці ратаваць, будуць чакаць дазволу ад міліцыі, бо тыя, хто гатовы проста ратаваць, будуць сядзець.
Па тэлебачанні вы будзеце слухаць толькі пра «глыбінную дзяржаву», надоі і дажынкі, канцэрты Саладухі і сясцёр Груздзевых.
Розныя зручныя сэрвісы і рэсурсы інтэрнэту скончацца самі сабой, бо таленавітыя айцішнікі з'едуць за мяжу, а застануцца тыя толькі, каго з сабой не возьмуць.
У тэатры вы таксама асабліва не паходзіце, бо частка закрыецца, а што застанецца — будзе вам паказваць толькі тое, што ўзгадніць выканкам.
Кожнага з вас змогуць забраць проста за тое, што вы (вашы дзеці, браты, бацькі) у нядзелю выйдзеце жыць сваім жыццём і сядзець у кавярнях, бо рэжым будзе баяцца ўсіх, хто збіраецца болей за аднаго і не будзе нават асабліва пытацца, хто вы і за каго галасавалі. Ён і цяпер не пытаецца.
А як стануць вас забіраць, то не будзе ўжо ані сумленных адвакатаў, ані валанцёраў, бо адны будуць сядзець, а другія з'едуць.
І без моладзі застанецеся, бо ўсе ламануцца ў Польшчу і Літву. Гэта хто не будзе сядзець.
То я вам прапаную трохі моўчкі пацярпець. Бо ўсе, хто рабіў вашае жыццё цікавым, утульным і бяспечным, цяпер па нядзелях ходзяць па праспекце. А ў астатнія дні, між іншым, працягвае рабіць вашае жыццё цікавым, утульным і бяспечным. Лечыць, вучыць, корміць, поіць і забяспечвае сеціўным дабрабытам.