«Перакінулі пад Брагін, апасаемся, каб не ва Украіну». Частку механізаванай брыгады са Слоніма адправілі на мяжу

Маці аднаго з кантрактнікаў, які служыць у 11-й механізаванай брыгадзе ў Слоніме, расказала, што цяпер частка вайскоўцаў — у Брагіне.

112759_900_760x400.jpg


«Пра тое, што іх перакінуць на мяжу, стала вядома ў нядзелю, 3 красавіка. У панядзелак, 4 красавіка, яны выехалі са Слоніма. Ужо даехалі, больш за суткі былі ў дарозе. Апасаюся, каб не кінулі праз мяжу — ва Украіну. Іншыя бацькі таксама пераймаюцца», — расказала маці вайскоўца.
Паводле яе слоў, камандзіры патлумачылі «камандзіроўку» ўзмацненнем мяжы, ратацыяй. «[Сказалі], што там былі раней іншыя кантрактнікі, цяпер іх замяняюць. Якія там умовы? Пакуль не ведаю, ён рэдка выходзіць на сувязь. Камандзіры супакойвалі, маўляў, усё ў парадку, усе на месцы, ніхто нікуды не паедзе, гэта вучэнні», — кажа яна.
Беларуска дадала, што сын у курсе рэальнай сітуацыі. Кантрактнікі маюць тэлефоны і доступ у інтэрнет. «Але ён спадзяецца, што гэта ўсё-ткі ўзмацненне мяжы», — кажа маці.
У склад 11-й механізаванай брыгады ўваходзяць танкісты, мотастралкі, сувязісты, выведчыкі, сапёры.
Паводле РС.