Некалькі дзён родныя не ведалі, дзе хлопец, ён значыўся як «зніклы». Знайшоўся ў СІЗА КДБ

25-гадовы Мікалай Сасеў перастаў выходзіць на сувязь пасля 13 жніўня. Некалькі дзён сябры і родныя не маглі яго знайсці, у спісах праваабаронцаў ён значыўся як зніклы. Пазней яго знайшлі ў СІЗА — высветлілася, што Мікалая абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.

Мікалай Сасеў

Мікалай Сасеў

Майго брата абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, гэта артыкул 293, частка 2 Крымінальнага кодэкса, — распавёў «Новаму Часу» брат Мікалая Рыгор Сасеў. — Усё пачалося з таго, што ён перастаў выходзіць на сувязь 13 жніўня. Далей я пачаў шукаць яго па ўсіх установах і знайшоў у СІЗА КДБ. Потым яго перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага.
Пра знікненне Мікалая Сасева паведамлялі і яго сябры. Апошняй з ім гаварыла яго сяброўка Алеся. Звязваліся яны, таму што 12 жніўня знік іх агульны сябар, каардынатар штаба Віктара Бабарыкі Ігар Ярмолаў. Мікалай і Алеся разам шукалі Ігара. Знайшлі ў ваенным шпіталі. Аказалася, што туды ён трапіў з СІЗА КДБ. Хлопца таксама абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, супраць яго распачатая крымінальная справа па арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
Па словах Рыгора Сасева, брата затрымалі ў Оршы, ён збіраўся з'ехаць з Беларусі, меркавана, у Расію. Ён баяўся, што, раз затрымалі яго сябра, то і яго могуць затрымаць. Ніякіх падрабязнасцяў затрымання Рыгор не ведае, але гаворыць. што яго не білі. У Мікалая ёсць адвакат, які яго наведвае. Па словах абаронцы, Мікалай адчувае сябе добра. Перадачы для яго прымаюць. Падрабязнасцяў справы брата Рыгор таксама не ведае, але перакананы, што яна сфабрыкаваная.