Пенсіянеры правялі пікет у цэнтры Мінска

24 снежня пенсіянеры правялі пікет на сталічнай плошчы Свабоды. У несанкцыянаванай акцыі ўдзельнічалі восем актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з розных рэгіёнаў краіны.



Падчас пікетавання, якое доўжылася амаль гадзіну, можна было пабачыць плакаты: “Гульні ў дэмакратыю скончыліся з намі 11 кастрычніка”, “Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі краіны!”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.

У акцыі прымалі ўдзел людзі сталага веку, і ім было цяжка доўга стаяць. Вось чаму актывісты ініцыятывы трымалі плакаты па чарзе. 

5_zhanchini24_12_15_6_logo.jpg

Тамара Сяргей

Як зазначыла юрыстка Тамара Сяргей, актывісты ініцыятывы ў чарговы раз а 9.30 раніцы сабраліся каля Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусі, бо адпаведна графіку на 24 снежня быў прызначаны асабісты прыём грамадзянаў кіраўніком адміністрацыі Аляксандрам Касінцом.

Аднак мы дазналіся, што ён учора прымаў грамадзян. На нашае меркаванне, прыём быў перанесены наўмысна. У кнізе заўвагаў і прапановаў мы пакінулі адпаведную прапанову пра тое, што Аляксандр Касінец быў абавязаны нас прыняць і вырашаць нашыя праблемы, а калі ён гэта не робіць, дык, на нашае меркаванне, павінен пакінуць высокую дзяржаўную пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта”, — сказала юрыстка.

Яна звярнула ўвагу на тое, што грамадзяне выйшлі на пікет, паколькі гульні ў дэмакратыю з імі скончыліся менавіта 11 кастрычніка. “Напярэдадні нас прыняў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, чыноўнікі стварылі рабочую групу па вывучэнню праблемы адпісак і зрабілі выгляд, што гэтая праблема будзе вырашана. А насамрэч, для народа дзяржаўныя службоўцы нічога не збіраліся рабіць, а толькі дэманстравалі Захаду, што ў Беларусі адбываюцца дэмакратычныя перамены”, — падкрэсліла Тамара Сяргей.     

4zhanchini_24_12_15_7_logo.jpg

Валянціна Каваленка

Бабруйчанка Валянціна Каваленка заявіла, што, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, актывісты ініцыятывы будуць і надалей прыкладаць усе намаганні, каб на праблему адпісак звярнулі ўвагу галава Адміністрацыі прэзідэнта і кіраўнік дзяржавы. “Бо існаванне гэтай застарэлай праблемы замінае аднаўленню парушаных правоў грамадзянаў і іхных сваякоў”, — сказала Валянціна Каваленка.  

Трэба адзначыць, што за пікетаваннем наглядалі шмат асобаў у цывільным — амаль у два разы болей за удзельнікаў акцыі. Аднак абышлося без затрыманняў.

Удзельнікі пікетавання, Тамара Сяргей і Валянціна Каваленка. 

Тэгі: