«Полацак-Шкловалакно» забараніла інфармацыю пра «Свабодны прафсаюз»
Інфармацыю пра «недзяржаўны» прафсаюз на стэндзе ля прахадной прадпрыемства вывешваць забаранілі. СПБ некалькі гадоў запар меў асобнае месца на стэндзе, але цяпер там «ячэйкі занятыя і выкарыстоўваюцца для гаспадарчай дзейнасці».
![2019_08_09_lipka_stukau_f1_833x400.jpg 2019_08_09_lipka_stukau_f1_833x400.jpg](/img/v1/images/2019_08_09_lipka_stukau_f1_833x400.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
19 ліпеня полацкаму лідару СПБ Віктару Стукаву не дазволілі размясціць інфармацыю пра “недзяржаўны” прафсаюз на адмысловым стэндзе, усталяваным на прахадной прадпрыемства.
Прычыны забароны ён спрабаваў высветліць падчас сустрэчы з дырэктарам ААТ “Полацак-Шкловалакно” Алегам Курыліным.
Паводле распараджэння ранейшага кіраўніцтва, СПБ некалькі гадоў запар меў асобнае месца на стэндзе, прызначаным для інфармавання пра дзейнасць грамадскіх арганізацый. Але зараз, паводле пісьмовага адказу адміністрацыі, “ячэйкі занятыя і выкарыстоўваюцца для гаспадарчай дзейнасці”.
Якая гаспадарчая дзейнасць ажыццяўляецца на інфармацыйным стэндзе, выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара Рамана Блізнёў не патлумачыў.
На думку Віктара Стукава, сітуацыя сведчыць пра парушэнне правоў працоўных:
— Вось ім трэба не дапусціць, каб інфармацыя пра Свабодны прафсаюз вісела на прахадной. Тых, хто прыходзіць уладкоўвацца на працу, адразу змушаюць уступаць у прафсаюз “Белнафтахім”. А каб чалавек бачыў, ён мог бы выбраць і Свабодны прафсаюз. Парушаецца права на аб’яднанне ў прафсаюзы, бо яно заключаецца і ў магчымасці прафсаюзу дзейнічаць. Вось гэтага не даюць.
СПБ збіраюцца аспрэчваць рашэнне адміністрацыі наконт забароны размяшчаць інфармацыю пра дзейнасць афіцыйна зарэгістраванай грамадскай арганізацыі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя