Польскі салдат, якога вінавацяць у дэзертырстве, папрасіў прытулку ў Беларусі

Хадайніцтва грамадзяніна Польшчы Эміля Чэчка аб прадастаўленні статусу бежанца прынята да разгляду, паведамляе МУС.

Эміль Чэчка. Скрыншот з відэа

Эміль Чэчка. Скрыншот з відэа

У адпаведнасці з Законам "Аб прадастаўленні замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства статусу бежанца, дадатковай і часовай абароны ў Рэспубліцы Беларусь" у органы ўнутраных спраў паступіла хадайніцтва грамадзяніна Польшчы Эміля Чэчка аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку ў Рэспубліцы Беларусь. Цяпер яно прынята да разгляду.
Як паведаміў начальнік дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун, хадайніцтва могуць разглядаць да 6 месяцаў, а пры неабходнасці тэрмін можа быць прадоўжаны яшчэ на 3 месяцы.
Польскі салдат Эміль Чэчка перайшоў мяжу з Беларуссю 17 снежня і папрасіў палітычнага прытулку ў нашай краіне. Ён ужо паспеў распавесці беларускаму тэлебачанню пра тое, што польскія ўлады негуманна абыходзяцца з мігрантамі. У прыватнасці, ён прызнаўся, што яму даводзілася забіваць людзей.
Польскі бок паведаміў, што Эміль Чэчка меў праблемы з законам на радзіме, злоўжываў алкаголем і наркотыкамі. У Польшчы на яго завялі крымінальную справу за дэзертырства.