Праблема міжгародніх маршрутак: хацелі, як лепш, а атрымалася, як заўсёды

Рашэнне ўладаў па маршрутках падобна на дэкрэт аб дармаедах, змены закранулі простых людзей і ўдарылі па рэгіёнах.

bus.jpg

Улады вырашылі адрэгуляваць працу прыватных міжгародніх перавозчыкаў. Але атрымалася, як гэта часта бывае, нязграбна. Пацярпелі шараговыя грамадзяне.
Па новых, уступіўшых у сілу з 26 лютага правілах, якія змяшчаюцца ў законе «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», прыватныя перавозчыкі абавязаны заключаць дамовы з дзяржаўным аператарам на ажыццяўленне рэгулярных рэйсаў.
Каб абслугоўваць маршруты, яны павінны ўдзельнічаць у конкурсах, плаціць зборы, усталёўваць сістэмы навігацыі і выконваць шэраг іншых умоў.
У адказ большасць прыватных перавозчыкаў проста перасталі вазіць людзей. У прыватнасці, даехаць у Капыль, Наваполацк, Столін, Слуцк і Лепель (ці, наадварот, адтуль у сталіцу) зараз можна толькі транспартам дзяржаўнага перавозчыка.
Такія меры ў адносінах да перавозчыкаў дзяржава прыняла, каб «засцерагчы пасажыраў».
«Калі сёння хтосьці жадае займацца рэгулярнымі перавозкамі, ён павінен гэта рабіць у адпаведнасці з законам. Калі хто-небудзь хоча займацца нерэгулярнымі перавозкамі, няма праблем — займайцеся. Гэта, напрыклад, перавозкі аўтамабілямі-таксі. Сёння ў законе і ва ўсіх устаноўленых дзяржавай нарматывах праца прыватнага бізнесу на перавозках вітаецца. Перавозкі пасажыраў строга рэгламентаваны заканадаўствам, ад гэтага залежыць іх бяспека. Ёсць моманты фіскальнага характару, але Мінтранс звяртае асаблівую ўвагу менавіта на бяспеку пасажыраў», — перадае БЕЛТА тлумачэнні намесніка міністра транспарту і камунікацый Аляксандра Шышко.

Замест маршрутак — халодны аўтобус

У Мінтрансе паабяцалі, што маршруткі заменяць дзяржаўнымі перавозчыкамі і прымуць усе меры, каб пасажыры не пацярпелі. Аднак зрабіць гэта ва ўладаў не атрымалася. А выйшла — даражэй і непамысней.
«Маршруткі не параўнаць з гэтай калымагай. Холадна, сьмярдзіць, едзе даўжэй, на вакзал трэба прыязджаць. Ды і дадумаліся, калі адмяніць — у лютым, у мінус 20», — скардзіліся пасажыры, якія паехалі па новай схеме з Мінска ў Наваполацк.
У адрозненне ад прыватных маршрутак, дзяржаўны транспарт, па-першае, адпраўляецца з вакзала і прыязджае на вакзал (што не ўсім зручна), па-другое, каштуе ўдвая даражэй (14 рублёў замест 7 з Мінска ў Наваполацк), а па-трэцяе — гэта проста нязручна: халодны аўтобус без інтэрнэту.

Шумчанка: маршрутчыкі павінны высунуць патрабаванні ўладзе

Цяпер маршрутчыкам трэба змагацца за свае правы, чаго, на жаль, не адбываецца, адзначыў у каментары для БелаПАН старшыня грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка.
«Тут трэба разглядаць пытанне з пункту гледжання магчымасці прадпрымальнікаў гэтага віду дзейнасці весці сваю барацьбу. На сёння з прадпрымальнікамі на рынках лічацца, пасля форумаў, пасля акцый пратэсту. Каб вырашыць свае пытанні, неабходна дакладная структура арганізацыі грамадзянскай супольнасці. А мы гэтага не назіраем», — кажа Шумчанка.
На яго думку, «пытанні маршрутчыкаў можна і трэба вырашаць выступам адзіным фронтам з вылучэннем пакета адзіных патрабаванняў. Вуліца — гэта крайні спосаб. Да гэтага ёсць шэраг комплексных мер. Трэба заявіць пра сябе так, каб гэта было папярэджаннем для ўлады».
На сёння ўлады лічаць за лепшае не заўважаць праблемы. У Мінтрансе пакуль не маюць намеру ўносіць змены ў закон і нават не меркавалі, ці атрымалася дзяржаўным перавозчыкам замяніць прыватных.

У духу дэкрэта аб дармаедах

Рашэнне ўладаў па маршрутках падобна на дэкрэт аб дармаедах, змены закранулі простых людзей і ўдарылі па рэгіёнах. Такую выснову робіць эканаміст, кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.
«Ізноў пакутуюць рэгіёны, закон прымаецца без абмеркавання і разліку наступстваў, без варыянту забяспечыць патрэбы спажыўцоў. З пляча секанулі. Гэта будзе нарыў, які будзе ўплываць на паводзіны людзей, спараджаць непрыязнасць да ўлады. Будзе развівацца ценявы рынак, транспартныя паслугі ўсё роўна будуць аказвацца», — заявіў Раманчук у каментары для БелаПАН.
Эканаміст звяртае ўвагу на тое, што ўлады нават не паклапаціліся аб цане квіткоў: прыватныя перавозкі абыходзіліся грамадзянам удвая танней.

Ці праявяць чыноўнікі гнуткасць?

На новых зменах дзяржава шмат не заробіць, а прымусіць усіх прыватных перавозчыкаў ездзіць пад строгім кантролем дзяржавы папросту не атрымаецца, упэўнены Раманчук.
Паводле яго слоў, гэта тыповая спроба дзяржавы вырашыць свае праблемы за кошт маршрутчыкі і за кошт простых людзей.
«Афіцыйныя маршруты стратныя, а грошы хочуць знайсці ў прыватнага перавозчыка, аблтрансы стратныя, вакзалы стратныя. Прычым аргументы уладаў нічым не пралічаныя і ні на чым не заснаваныя. У Дзяржаўтаінспекцыі да прыватных перавозчыкаў прэтэнзій няма, у падатковай — таксама няма. Таму з боку ўладаў такое рашэнне неабгрунтавана», — кажа эканаміст.
У выніку ў маршрутчыкаў цяпер два выйсця — альбо дамагацца ад уладаў перагляду новых правілаў, альбо — сыходзіць у падполле і плаціць штрафы, калі трапішся.
Ці хопіць у чыноўнікаў мудрасці падысці да праблемы гнутка — пытанне адкрытае. Тым часам простыя людзі, якія ездзяць з рэгіёнаў у Мінск і назад, вымушаныя раскашэльвацца ўдвая і курчыцца ў халодным, нязручным дзяржаўным транспарце.
Паводле naviny.by