Праца аднаго з цэхаў спыненая. Што адбываецца на «Гродна Азот»
У панядзелак раніцай з'явілася інфармацыя аб праблемах у працы цэха
"Аміяк-4" на "Гродна Азоце" — і што ён нібыта спынены. Пазней сталі
паступаць паведамленні аб тым, што над цэхам заўважылі факел. На
прадпрыемстве растлумачылі TUT.BY, што адбылося.
На прадпрыемстве пацвердзілі, што спыненне цэха «Аміяк-4» сапраўды адбылося каля 5.30. Прычына: у тэхналагічным працэсе аддзялення ачысткі канвертаванага газу адбылося спыненне кампрэсара сінтэз-газу ў цэху «Аміяк-4» са скідам АВС (азотна-вадароднай сумесі) на факел.
"У цяперашні час вядуцца работы па наладжванні тэхналагічнага працэсу і далейшага пуску цэха ў працу. Пагрозы гораду, экалогіі, жыхарам і работнікам прадпрыемства няма", — паведамілі на прадпрыемстве.
У цэху «Аміяк-4» з 18 верасня праводзілі рамонтныя працы на працягу 25 сутак.
Нагадаем, 26 кастрычніка некаторыя рабочыя «Гродна Азоту» вырашылі далучыцца да агульнанацыянальнай забастоўкі. Фармат быў такі: у цэхах людзі, якія адпрацавалі змену ноччу, не здавалі яе тым, хто прыйшоў раніцай на працу. Частка работнікаў па-ранейшаму страйкуюць.
Цяпер актывісты "Гродна Азота" пры падтрымцы ініцыятывы "Сумленныя людзі" збіраюць заявы ад тых, хто хацеў бы далучыцца да стачкі, але баіцца рабіць гэта публічна з-за невялікай колькасці чалавек у ёй. Завадчане могуць адпраўляць свае заявы праз спецыяльны чат-бот. Яны прымаюцца да 10 лістапада. Калі да гэтай даты такіх заяў будзе 500 і больш, прадстаўнікі стачкама звяжуцца з жадаючымі і дапамогуць ім з уступленнем, калі менш, то заявы "будуць цалкам выдалены з сістэмы і ніхто пра іх не даведаецца".
Тым не менш некаторыя завадчане адразу абвяшчаюць аб уступленні ў стачку. За апошнія чатыры дні такіх было трое. 3 лістапада заяву аб далучэнні да стачкі пакінуў электразваршчык 6-га разраду цэха "Карбамід-4" Міхаіл Рачынскі. Некаторых з тых, хто далучыўся да стачкі, ужо звольнілі. Напрыклад, апаратчык карбаміду 6-га разраду Павел Гайдэль абвясціў аб далучэнні да стачкі 2 лістапада, а ўжо 3 лістапада быў звольнены.
Замену работнікам "Гродна Азота" шукалі на Гомельскім хімзаводзе, на «Магілёўхімвалакне» і на «Нафтане». Сітуацыю з кадрамі раней каментаваў гендырэктар завода. Пры гэтым у стачкаме выказвалі асцярогу, што праз кадравае пытанне могуць узнікнуць праблемы ў працы прадпрыемства.