Працягваецца паляванне на анархістаў

Раніцай 11 жніўня прыйшлі з ператрусамі па прапісцы па меншай меры да васьмі анархістаў і анархістак у Мінску, Кобрыне, Гомелі, Гродне і іншых гарадах. Некаторыя з хлопцаў ужо даўно выехалі за межы краіны, паведамляюць крыніцы. Але на іх бацькоў і блізкіх працягваюць аказваюць ціск: пытаюцца, дзе знаходзяцца хлопцы, як з імі звязацца, выклікаюць на гутаркі па месцы працы.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

На якой падставе праводзяцца ператрусы — пакуль невядома.
Вядома, што мінімум трое чалавек былі затрыманыя.
Гэта трэці тыдзень запар, калі сілавікі палююць на анархістаў. 29 ліпеня былі затрыманыя Яўген Рубашка і Аляксандр Бялоў (прызнаны палітвязнямі). Суседа Яўгена асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, яшчэ ў некалькіх чалавек прайшлі дома ператрусы.
4 жніўня былі затрыманы пяць чалавек, чацвёра з якіх арыштаваныя на 15 сутак нібыта за «дробнае хуліганства», яшчэ адзін знаходзіцца ў ІЧУ ў якасці падазраванага па ч.1 арт. 342 КК.