Права на аборт

Увосень 2012 года будуць уносіцца змены ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя», якім, акрамя ўсяго, дазваляецца і рэгулюецца правядзенне абортаў.
 

Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь заклікала грамадзян краіны прыняць удзел у абмеркаванні праекта новага закона. У адказ юрыдычная камісія Беларускай хрысціянскай дэмакратыі падрыхтавала свае прапановы па ўнясенні змяненняў у закон. Хадэкі не хаваюць, што хацелі б дамагчыся забароны на аборты, але пачынаюць з малых крокаў. Вось асноўныя з іх:  
•    Увесці права для лекара адмовіцца ад правядзення аборту, за выключэннем выпадкаў правядзення аборту па медыцынскіх паказаннях і адсутнасці магчымасці замены лекара.
•    Увесці абавязковы пяцідзённы перыяд чакання з моманту падачы заявы аб намеры зрабіць аборт да моманту яго правя­дзення.  
•    Абавязаць лекараў інфармаваць жанчын пра рэлігійныя і грамадскія арганізацыі, якія займаюцца прафілактыкай абортаў.  
•    Скараціць тэрмін для правя­дзення аборту да 7 тыдняў.
•    Выключыць сацыяльныя паказанні для абортаў.
•    Увесці забарону правядзення клінічных выпрабаванняў на чалавечых эмбрыёнах.
«Мы разумеем, што немагчыма адразу цалкам спыніць практыку масавых абортаў у Беларусі. Але сёння можна зрабіць першы важны крок на шляху да гэтай мэты. Калі прапанаваныя змены будуць прынятыя, то ўжо ў гэтым годзе будуць выратаваны тысячы дзяцей!» — апелююць да грамадскасці ініцыятары зменаў.
Раней жыхары горада Віцебска ад імя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі накіроўвалі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прапановы аб паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Для гэтага можна было б увесці норму, згодна якой лекар можа адмовіцца ад выканання аборту па рэлігійных перакананнях. На гэта з Палаты прадстаўнікоў прыйшоў адказ: «камісія падзяляе вашае меркаванне аб значнасці праблемы, што падымаецца ў звароце», аднак аказанне медычнай дапамогі пацыенту з’яўляецца абавязкам доктара, а не ягоным правам. Таму дактары мусяць думаць пра свае маральна-этычныя нормы і рэлігійныя перакананні перад тым, як абіраць прафесію лекара.
Цяжка не пагадзіцца з аўтарамі праекту зменаў у закон «Аб ахове здароўя», што дэмаграфічная праблема ў краіне стаіць востра, што варта прымаць захады, каб скараціць колькасць абортаў. Але ці тыя метады? Напрыклад, пункт з увядзеннем пяцідзённага перыяду чакання лагічны — пад эмоцыямі можна нарабіць шмат чаго, а потым шкадаваць. Але прапанова выключыць сацыяльныя паказанні для абортаў падаецца нелагічнай. У пераліку сацыяльных паказанняў для штучнага перапынення цяжарнасці пазначаныя, у прыватнасці, наяўнасць інваліднасці I, II групы ў мужа, цяжарнасць у выніку згвалтавання, наяўнасць дзіцяці-інваліда з дзяцінства, шматдзетнасць (колькасць дзяцей 3 і больш) ды інш. Ці будзе жаданым дзіця, што народзіцца пасля згвалтавання, ці трэба дзіцё жанчыне, якая сядзіць у турме, ці не народзіцца зноў інвалід, калі ёсць схільнасць да падобных паталогій? Падобныя пытанні не заўсёды маюць адназначныя адказы, але істотна іншае: беларускіх жанчын хочуць пазбавіць права выбару.
«Аборт — забойства. Гэта хрысціянская пазіцыя, і гэта галоўнае, чым мы кіруемся. Сёння наша грамадства, канешне, не гатовае да поўнай забароны. І мы робім прапановы абмежаванняў, напрыклад, скараціць тэрмін, калі можна рабіць аборт, да сямі тыдняў, — тлумачыць адна з распрацоўніц дакумента Вольга Кавалькова. — Мы абмяркоўвалі ўсе пытанні па тэме на круглым стале. Канешне, патрэбны комплекс мераў. Трэба, каб жанчына не хацела ісці рабіць аборт, каб мужчыны бралі на сябе адказнасць. Царква і касцёл мусяць быць катэгарычна супраць абортаў. А ў нас атрымліваецца, што грамадства катэгарычна супраць забароны на аборты. Грамадзянская супольнасць ледзьве не з ухвалай ставіцца да гэтай працэдуры. Але чым адрозніваецца жанчына, якая выкідае паміраць на сметніцу народжаных дзяцей, ад той, хто робіць аборт? Мусіць быць больш жорсткая кара за крымінальны аборт. Гэта комплекс мераў, разумееце? Тыя ж фінансавыя пытанні, бо часта ад цяжарнасці пазбаўляюцца з-за немагчымасці пракарміць дзіця».
Пра тое, што забарона на аборты абсалютна не вырашае праблему, а заганяе яе ў цень, пісалі і гаварылі многа. Дастаткова пагаварыць з тымі, хто памятае часы, калі ў СССР былі забароненыя аборты і жанчыны цішком дамаўляліся ды хадзілі да знаёмых акушэрак. Пра самапальныя метады перарывання цяжарнасці і лятальныя зыходы для жанчын таксама вядома. І калі сучасная медыцына дазваляе рабіць аперацыі пад кантролем і з прагназуемым вынікам, то хто і якое мае права гэта забараняць?
Непажаданыя цяжарнасці, хацелася б каму ці не, былі, ёсць і будуць. Такі ўжо пабочны эфект сэксуальнай прыроды чалавека. Галоўны акушэр-гінеколаг краіны Аляксандр Барсукоў паведамляе, што ва ўзросце 15–17 гадоў у Беларусі на 1 тысячу дзяўчат прыходзіцца 3,3 аборты. Палова ўсіх абортаў прыпадае на ўзрост 14–29 гадоў.
«Прапанова БХД супярэчыць правам жанчыны на рэпрадуктыўныя правы. Сям’я, сама жанчына мусяць вырашаць, колькі мець дзяцей. Праваабарончыя, жаночыя арганізацыі будуць выступаць супраць падобных зменаў, — гаворыць старшыня грамадскага аб’яднання «Жаночы незалежны дэмакратычны рух», сябар нацыянальнай рады Людміла Пеціна. — Гэта не вырашэнне праблемы, бо ёсць пераканаўчы сусветны досвед: забароны правакуюць падпольныя аборты. Цяпер жа рынак такіх паслуг добра развіты ў суседніх краінах. І калі жанчыны не змогуць зрабіць аборт тут, то паедуць ва Украіну. І гэта будзе класціся вялікім цяжарам на жанчыну, сям’ю, бо будзе вымагаць іншых высілкаў і выдаткаў. Перш, чым рабіць такія прапановы па зменах заканадаўства, трэба добра вывучыць праблему».
Напрыканцы хацелася б распавесці гісторыю адной дзяўчыны. Назавём яе Ганнай. Ганна сустракалася з хлопцам, зацяжарала. Але стасункі іх былі няпэўнымі, і дзяўчына зрабіла аборт (між іншым, са згоды і ўхвалення бацькоў патэнцыйнага бацькі). Прайшло некалькі гадоў. Ганна сустракаецца з тым жа хлопцам і цяпер шкадуе, што тады пайшла ў клініку пазбаўляцца ад дзіцяці. Калі б у яе была магчымасць пагаварыць з псіхолагам, магчымасць падумаць, усё ўзважыць, абапіраючыся не толькі на свае эмоцыі, але і на цвярозыя аргументы, калі б яна была ўпэўненая, што нават без мужа зможа выгадаваць гэтае дзіця, ці пайшла б Ганна рабіць аборт? Верагодна, не.
Спыталася ў спадарыні Вольгі Кавальковай, ці ладзіла БХД нейкія маштабныя акцыі, напрыклад, у галіне асветы. «Вы ўяўляеце, што такое незарэгістраваная палітычная партыя і як яна можа правесці агульнарэспубліканскую асветніцкую кампанію? Лістоўкі раскідаць — максімум!» — патлумачыла Вольга. Аргумент у беларускіх умовах зразумелы. Але ў такім выпадку, можа, усё ж варта пачынаць з малога, з таго, што будзе сапраўды запатрабаванае і несці плён, а не высоўваць радыкальныя і архаічныя для сучаснага грамадства ідэі забаронаў.