Праваабаронца адсудзіў у дзяржавы 7500 рублёў
Амаль праз два гады пасля вызвалення з турмы праваабаронца Андрэй Бандарэнка дамогся кампенсацыі шкоды ад Магілёўскага раённага аддзялення следчага камітэту, піша svaboda.org.
Увосень 2016 году ведамства распачало ў дачыненні да яго крымінальную справу па ч.2 арт.411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Артыкул прадугледжваў да 2 гадоў пазбаўлення волі. Замест гэтага праваабаронца атрымае 7 500 рублёў, рашэнне ўступіла ў законную сілу.
Як нагадвае сайт «Платформы», у часе разбіральніцтва крымінальнай справы суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў праваабаронцу невінаватым і 30 сакавіка 2017 году вынес апраўдальны прысуд у сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства.
Як Бандарэнка судзіўся за кампэнсацыю
Калі яго прызналі невінаватым, Бандарэнка сам падаў у суд на следчых. Аднак працэс зацягнуўся: адна і тая ж норма тлумачылася рознымі судамі па-рознаму. Суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіўся пачынаць справу аб кампенсацыі, паведаміўшы, што ў парадку арт. 462 КПК за Бандарэнкам спачатку павінна быць прызнана права на пакрыццё шкоды.
«Спачатку кажуць, што прызнаваць права на кампенсацыю шкоды не трэба і дастаткова проста звярнуцца з грамадзянскім пазовам, а затым адмаўляюць у задавальненні патрабаванняў на падставе таго, што не прызнана права на пакрыццё шкоды. Нонсэнс! — пракаментаваў Андрэй Бандарэнка. — Быў чыста спартыўны інтарэс, што скажа Вярхоўны суд, які да гэтага падтрымаў вызначэнне суда Ленінскага раёна Магілёва».
У канцы жніўня 2018 году Вярхоўны суд вынес пратэст на вызначэнне суда Маскоўскага раёна Мінска і вызначэнне судовай калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду, паказаўшы, што адказнасць за прычыненую грамадзяніну шкоду ў выніку незаконнага прыцягнення ў якасьці абвінавачанага прадугледжана ч.1 арт. 939 Грамадзянскага кодэксу Беларусі.
У выніку бакі пагадзіліся з Вярхоўным судом, што пазоў трэба задаволіць, паколькі ёсць рашэнне вышэйшай судовай інстанцыі.
«У выніку мы атрымалі не толькі першы апраўдальны прысуд па 411-м артыкуле за ўсю гісторыю нашай краіны, але першую кампенсацыю», — падсумаваў Андрэй Бандарэнка.
Крымінальная справа на Бандарэнку была заведзеная, калі ён адбываў тэрмін у калёніі. У 2014 годзе ён быў асуджаны за хуліганства, фігуравалі эпізоды з бойкай каля кавярні. Сам ён называў справу сфабрыкаванай. Тады яму прысудзілі 3 гады калоніі. Падчас адбывання пакарання на яго завялі новую справу — за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі ўстановы.