Праваабаронцы патрабуюць галоснасці ў справе Андрэя Гайдукова
Беларускія праваабарончыя арганізацыі 19 лютага прынялі адмысловую заяву, у якой парабуюць галоснасці і захавання ўсіх працэсуальных гарантый абвінавачанаму ў здрадзе дзяржаве Андрэю Гайдукову.
Андрэй Гайдукоў
— Як стала вядома з паведамленняў сваякоў Андрэя Гайдукова, які ўтрымлiваецца пад вартай у СІЗА КДБ па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 356 КК Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), пры правядзенні расследавання дадзенай крымінальнай справы органамі следства дапускаліся грубыя парушэнні яго правоў. Так, у прыватнасці, неаднаразова адмаўлялася ў доступе абвінавачанага Андрэя Гайдукова да адваката, а сваякам — у прадастаўленні інфармацыі пра месца ўтрымання абвінавачанага.
Варта адзначыць, што права бесперашкодных канфідэнцыйных сустрэч са сваім абаронцам, без якіх-небудзь абмежаванняў па іх частаце і працягласці па часе, гарантаванае грамадзянам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, а таксама адпаведнымі нормамі дзеючага нацыянальнага заканадаўства — КПК Рэспублікі Беларусь.
У 2011 годзе ў Заключных заўвагах па 4-м перыядычным дакладзе Рэспублікі Беларусь Камітэт ААН супраць катаванняў выказаў сур'ёзную занепакоенасць шматлікімі звесткамі пра тое, што затрыманым часта адмаўляюць у асноўных правах, уключаючы доступ адваката, права на кантакт з сям'ёй (CAT/ C/SR.1053). Камітэт супраць катаванняў рэкамендаваў дзяржаве як заканадаўча, так і на практыцы забяспечыць усім затрыманым доступ да асноўных прававых гарантый, у тым ліку неадкладны доступ да адваката.
Таксама мы вельмі занепакоеныя атрымаўшай шырокае распаўсюджванне ў апошні час і прымененай у справе Андрэя Гайдукова практыкай уздзеяння на адвакатаў з дапамогай адабрання падпіскі пра неагалошванне дадзеных следства, трактаваных неправамерна шырока. У выніку адвакат пазбаўляецца магчымасці прадастаўляць грамадскасці інфармацыю пра сутнасць прад'яўленых падабароннаму абвінавачванняў, пра магчымыя працэсуальныя парушэнні, якія закранаюць правы падабаронных, пра іх стан здароўя і іншыя падобныя звесткі. На нашу думку, такі падыход абмяжоўвае права асобаў, якія знаходзяцца пад вартай, на абарону, а таксама пазбаўляе грамадскасць магчымасці атрымаць інфармацыю, якая закранае публічныя інтарэсы.
Улічваючы характар прад'яўленых Андрэю Гайдукову абвінавачванняў, заклікаем кампетэнтныя органы Рэспублікі Беларусь пры правядзенні крымінальнага пераследу Андрэя Гайдукова забяспечыць належную абарону і рэалізацыю яго правоў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі абавязацельствамі, прынятымі краінай перад сваімі грамадзянамі і міжнароднай супольнасцю. Асобы, вінаватыя ў такіх парушэннях, павінны быць прыцягнутыя да адпаведных мераў адказнасці.
Таксама заклікаем забяспечыць інфармаванне грамадскасці пра хаду расследавання і неабходную публічнасць маючага адбыцца судовага разбіральніцтва па дадзенай справе.
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Паводле spring96.org