«Прыкрае судзілішча», — лідар IndustriALL пра вырак Фядынічу і Комліку
Намеснік генеральнага сакратара міжнароднага прафсаюзу IndustriALL Global Union Кемаль Эзкан прысутнічаў на абвяшчэнні прысуду лідарам прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку. У інтэрв’ю «Радыё Свабода» ён ацаніў гэты вырак.
«Абарона правоў працоўных не ёсць
злачынствам у ніводнай краіне свету» — сказаў “Свабодзе” Кемаль Эзкан, лідар
міжнароднага прафсаюзу IndustriALL.
Кемаль Эзкан падкрэсліў, што
прадстаўляў на судзе 50 мільёнаў сябраў прафсаюзу IndustriALL са 154 краінаў свету.
А прафсаюз РЭП — адзін з самых паважаных у IndustriALL, Генадзь Фядыніч — сябра
Выканаўчага камітэту глабальнага прафсаюзу.
«Гэта сумны дзень для Беларусі, таму што гэтыя два джэнтльмены, якіх сёння асудзілі — адны з самых паважаных асобаў у нашым глабальным прафсаюзе IndustriALL па сваіх дзелавых і чалавечых якасцях. І мне вельмі шкада, што я прысутнічаў на такім прыкрым судзілішчы.
Я магу з упэўненасцю заявіць, што ў ніводнай краіне свету падобны працэс з такімі абвінавачаннямі не быў бы магчымы. Адзінае, чым займаюцца Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік, — абараняюць правы сябраў РЭП ды іншых працаўнікоў. І гэта ні ў якім разе не з’яўляецца злачынствам, ні ў якай краіне свету», — сказаў Кемаль Эзкан.
IndustriALL будзе ціснуць на беларускія ўлады
Кемаль Эзкан сказаў, што ў чэрвені 2018 году ў Жэневе праходзіла чарговая канферэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы, і на ёй Беларусь была ўключаная ў кароткі спіс краінаў, у якіх найбольш сур’ёзна парушаюцца правы чалавека і свабоды прафсаюзаў і іх сябраў.
«Гэты працэс, гэты суд і гэты вырак яшчэ раз пацвердзіў нашы правільныя апасенні наконт сітуацыі ў Беларусі. Мы адсочваем гэты працэс з самага пачатку, і міжнародная супольнасць зноў пераконваецца, што ў Беларусі працягваюць парушацца правы чалавека і правы прафсаюзаў.
Канечне, мы спадзяёмся, што працэс апеляцыі завершыцца поўным апраўданнем абвінавачаных. Мы лічым, што гэта працэс ня супраць двух лідэраў РЭП, а гэта працэс супраць прафсаюзу. І, канечне, на дадзены момант, пакуль будзе ісці працэс абскарджвання выраку, мы зробім усе магчымыя захады і крокі, каб ціснуць на ўрад Беларусі, на ўлады Беларусі, і максімальна распаўсюдзім інфармацыю пра гэты суд у Беларусі па ўсім свеце», — сказаў намеснік генеральнага сакратара міжнароднага прафсаюзу IndustriALL Global Union Кемаль Эзкан.