Прысуды за “касметычку для начных ваўкоў”

Адміністрацыйны арышт і штраф за “касметычку для начных ваўкоў”. У судзе Цэнтральнага раёну Мінску судзілі дзвюх актывістак, якіх абвінавацілі ў брыдкаслоўі ды аказанні супраціву міліцыянту. 



mikalaujczyk_670x420.jpg

Вольга Мікалайчык

Справа тычыцца падзеі 29 красавіка, калі Вольга Мікалайчык прынесла да расейскай амбасады ў Менску пакунак з жаночымі рэчамі, які назвала “касметычкай начных ваўкоў”, а Кацярына Садоўская назірала за гэтым як праваабаронца.

У судзе ў якасці сведкі выступіў міліцыянт — ахоўнік амбасады, расказвае Вольга Мікалайчык:

 — Ілжэсведкай выступіў міліцыянт, на падставе яго сведчанняў мяне і асудзілі. Гэта малады хлопец, ураджэнец Чарнігаўшчыны, шмат гадоў жыве ў Беларусі, працуе ахоўнікам у амбасадзе. Звонку нібыта нармальны хлопец, але ён маніў, што мы брыдкасловілі, клаліся на асфальт. У Кацярыны Садоўскай з прычыны хваробы і калені не згінаюцца, а яна нібыта там клалася на асфальт. Я яму кажу, як вам не сорамна, было відаць, што яму непрыемна, але ён пераступіў праз гэта.

Вольга Мікалайчык выступіла ў судзе з хадайніцтвам аб прадастаўленні відэазапісу з камер, якія ёсць на будынку амбасады:

— Там было б відаць, што я прынесла рэчы, паклала іх, сказала: “Слава Ўкраіне!” і пайшла. Потым нас дагнаў міліцыянт і забраў пашпарты, аднак у гэтым хадайніцтве было адмоўлена.

У выніку Вольгу Мікалайчык прысудзілі да 13 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак выпусцілі з залы суда Цэнтральнага раёну, паколькі арышт будзе ажыццяўляцца супрацоўнікамі міліцыі з Першамайскага раёну.

Цяпер, кажа актывістка, ёй трэба сядзець дома і чакаць, пакуль па яе прыйдуць міліцыянты.

Кацярыне Садоўскай прысудзілі штраф у 30 базавых велічынь, гэта 10 мільёнаў 800 тысяч рублёў. Вольга Мікалайчык кажа, што будзе змагацца надалей, паколькі не парушала ніякіх законаў.

“Усё роўна час зменіцца, і сітуацыя ў краіне зменіцца. І ўсе яны будуць адказваць, хто спрычыніўся да здрады, у тым ліку да здрады прафесійнай, — дадае актывістка. — Я ведаю дзеля чаго гэта раблю, я вольны духам чалавек, а гэта часовыя складанасці, таму не хвалюйцеся”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя