Публічная лекцыя "Сучасная вышэйшая адукацыя ў Літве: новыя магчымасці для беларусаў"
19 красавіка Універсітэт Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва) пры падтрымцы Лятучага ўніверсітэта і інфармацыйнай падтрымцы "ЕўраБеларусі" ладзіць у Мінску публічную лекцыю "Сучасная вышэйшая адукацыя ў Літве: новыя магчымасці для беларусаў".
Падчас лекцыі доктар Кейстуціс Барткявічус (Kestas Bartkevicius) і доктар Юрга Ёнуцітэ (Jurga Jonutytė) распавядуць пра досвед Універсітэта Вітаўта Вялікага і магчымасці атрымання сучаснай адукацыі ў Літве, у тым ліку для беларусаў. Лекцыя адбудзецца ў канферэнц-зале гатэля "Crowne Plaza" (ММінск, вул. Кірава, 13). Пачатак у 18.00.
Сучасная вышэйшая адукацыя ўжо даўно не замкнёная геаграфічна. Магчымасці знайсці свой шлях ў жыцці, сваю прафесію ці сваю справу шырока выходзяць па-за межы пэўнага горада, краіны. Сістэма вышэйшай адукацыі ў Еўропе робіцца ўсё больш адкрытай і мабільнай. Сучаснаму студэнту даступныя як разнастайнасць розных прафесій, накірункаў дзейнасці і мыслення, так і разнастайнасць форм і спосабаў атрымаць адукацыю.
Але, каб скарыстацца гэтай разнастайнасцю выбару, трэба перш за ўсё пра гэта ведаць:
- У чым прынцыповыя асаблівасці вышэйшай адукацыі ў сучаснай Еўропе і Літве?
- Якія магчымасці адкрывае гэта для беларусаў?
Асаблівая ўвага будзе нададзена праграмам па сацыяльных і палітычных навуках з навучаннем на ангельскай мове. Гэтыя галіны з’яўляюцца галоўнай рысай, якая вылучае Універсітэт Вітаўта Вялікага сярод іншых універсітэтаў Літвы. Менавіта тут ствараюцца найбольш інавацыйныя школы і даследчыя накірункі, мэта якіх — шматбаковае вывучэнне сучаснай Еўропы і сусветных працэсаў. Пры гэтым адукацыйныя практыкі адпавядаюць шматграннай навуковай дзейнасці ўніверсітэта.
Падчас лекцыі будзе прадстаўлены змест каля дзесяці праграм па сацыяльных і гуманітарных дысцыплінах, будзе мажлівасць больш падрабязна даведацца пра розныя тэхнічныя дэталі датычна паступлення, навучання і магчымасці атрымання стыпендыі.
Запрашаем выкладчыкаў, аспірантаў і студэнтаў універсітэтаў, настаўнікаў і навучэнцаў школ, а таксама ўсіх зацікаўленых. Уваход вольны!
Больш падрабязна даведацца пра дзейнасць Ўніверсітэта Вітаўта Вялікага можна на сайце: http://www.vdu.lt/en
Запрашаем журналістаў беларускіх СМІ да супрацоўніцтва. Для акрэдытацыі просім вас звязацца з каардынатарам: Юлія Галіноўская: Julia.hurska@gmail.com, (+375 29) 7422040.