Радныя Беластока ўшанавалі памяць стваральнікаў БНР
Рада горада Беластока ўшанавала памяць тых, хто цягам апошніх ста гадоў дзейнічаў на карысць супрацоўніцтва паміж польскім і беларускім народамі.
Радныя Беластока прынялі адмысловую заяву да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
“25 сакавіка беларусы абвясцілі свету пра незалежнасць беларускай народнай Рэспублікі… У Беластоку ўжо напрыканцы дваццатых гадоў мінулага стагоддзя беларусы адзначалі Дзень незалежнасці 25 сакавіка ў гадавіну стварэння Беларускай народнай рэспублікі”, — чытаем у адмысловай заяве радных Беластока.
“Беларусы Беласточчыны прымалі актыўны ўдзел у падзеях, якія ў пачатку 1918 года прывялі да стварэння БНР, а таксама стваралі вайсковыя фармаванні БНР — самастойны беластоцкі батальён ў арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча ды прымалі ўдзел ў слуцкім паўстанні”, — пішуць радныя Беластока ў адмысловай заяве да сотых угодак стварэння БНР.