Акудовіч: «Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць»

"Не трэба блытаць чаканне з пасіўным знаходжаннем у абыякавасці. Калі мы моцна некага чакаем, дык рыхтуемся да сустрэчы",  перакананы Валянцін Акудовіч.

Валянцін Акудовіч

Валянцін Акудовіч

Госць «Інтэрвію тыдня» на «Радыё Свабода» — філосаф Валянцін Акудовіч. Ён адказвае на пытанне, ці адбылося Свята, заяўляе, што беларуская палітычная апазіцыя — гэта аксюмаран, і тлумачыць, як разумець ягоную афарыстычную фразу, што свабоду нельга заваяваць, а магчыма толькі дачакацца.

Нашы палітычныя партыі і арганізацыі існуюць таму, што Лукашэнка дазваляе ім існаваць

— Мы з вамі сустрэліся на Дні Волі, каля Опернага тэатру. Чым для вас стала гэтая падзея? Ці чакалі вы такога свята, такой арганізаванасці і маштабнасці?

— Я чакаў такога свята! Ужо даўно чакаў. Яшчэ на пачатку новага стагоддзя пісаў у незалежных выданнях, што досыць паводле аднаго і таго ж сцэнару таптаць вуліцы Менску, пакуль нас не пачнуць разганяць і хапаць амапаўцы.

Чаму б, пытаўся я тады, не папрасіць дазволу, каб зладзіць сапраўднае Свята недзе каля гораду, куды лёгка было б дабрацца электравіком з дзецьмі і сябрамі. Дзе і прамоўцы выступалі б, і спевакі спявалі, і сцягі луналі, і, галоўнае, дзе зусім не было б месца страху ды гвалту.

Нарэшце сёлета дачакаўся. Атрымалася вартае вялікага юбілею Свята. Арганізатарам віват! Маштаб уразіў. Народу было б і значна болей, каб у нядзелю медыя не напалохалі людзей інфармацыяй пра затрыманні. Цынічна кажучы, кожны затрыманы мінусаваў сама меней з паўтысячы тых, хто збіраўся на дазволенае святкаванне. Бо вядома, якая ў нас улада: учора дазволіла, а сёння вось ўжо хапае. Дык лепей адседзецца ў хаце...

— Як сказана ў адным фільме, «спачатку планаваліся ўрачыстасці, пасля — арышты. Потым вырашылі сумясціць». Навошта ўлада вырашыла ўсё ж папсаваць свята затрыманнямі? Каб паказаць незалежнаму грамадству, каб на шмат не разлічвалі, каб ведалі, хто ў горадзе гаспадар?

— Ну так, Лукашэнка на другі дзень акурат і сказаў тое самае для СМІ. Зрэшты, а хіба без ягоных словаў мы пра гэта не здагадваліся?

Нашы палітычныя партыі і арганізацыі існуюць таму, што ён дазваляе ім існаваць. Нашы выдавецтвы, часопісы і розныя грамадскія праекты існуюць таму, што ён дазваляе ім існаваць. І гэтак далей, і так ва ўсім. А хто ўпарціцца рабіць нешта без дазволу і пагатоў насупраціў Лукашэнку, таго чакае лёс Статкевіча ці Някляева.

Няўжо нехта яшчэ не ведае, што ў нас, кажучы мовай паліталогіі, жорсткі аўтарытарызм? Адпаведна і жыццё такое. Між іншым, яшчэ не самае горшае з магчымых. 

Лукашэнка палітык. Натуральны. Ад прыроды

— Ці будзе, на вашую думку, сённяшні рэжым і далей дазваляць грамадзянскай супольнасці заваёўваць новыя астраўкі свабоды? Ці бачыць ён у гэтым нейкія будучыя гарантыі для сябе, ці дзейнічае ён у сваіх інтарэсах, ці проста адступае пад напорам грамадства?

— Лукашэнка — палітык. Натуральны. Ад прыроды. (Раней пра такіх казалі — ад Бога.) Таму ён заўсёды дзейнічаў і будзе далей дзейнічаць выключна зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасці. Калі будзе мэтазгодна пашыраць «астраўкі свабоды», то ён ім дазволіць пашырацца, а не — дык не.

Я не аракул, каб прадказваць, што нас чакае далей. Але калі цяперашні палітычны трэнд затрымаецца на нейкі час, то мы зможам паспець шмат чаго вартага зрабіць для краіны і для нашай уласнай разняволенасці. Хаця ў кожным разе можна знайсці магчымасці для вартых справаў.

Беларуская апазіцыя за апошнія тыдні рыхтавання да Дня Волі нібыта канчаткова афармляе падзел на «канцэртную» і «пратэставую». А як вы лічыце, што цяпер найважнейшае для беларускай палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасці? Ці існуе гэтая дылема — пратэст альбо канцэрт, як калісьці ў канцы 80-х публіцысты ставілі дылему «свабода ці каўбаса»?

— Для мяне наша палітычная апазіцыя — гэта аксюмаран (як жывы нябожчык). Сярод апазіцыянераў даволі людзей, вартых павагі, а некаторых я нават люблю. Але іхная ўласна палітычная вага блізкая да нуля... А вось грамадзянская супольнасць жыве актыўным і надзвычай творчым жыццём, нягледзячы на вышэйзгаданы аўтарытарызм. Там безупынна нараджаюцца ўсё новыя і новыя праекты ў самых розных фарматах. Згадайма хаця б унікальны Лятучы ўніверсітэт, створаны Уладзімерам Мацкевічам і яго неверагодна таленавітай камандай. Альбо Кангрэс даследнікаў Беларусі, вымудраны Андрэем Казакевічам. З другога боку, адзін Глеб Лабадзенка са сваім праектам «Мова нанова» за апошнія гады зрабіў для беларускай мовы болей, чым усе апазіцыйныя палітыкі разам узятыя.

Дарэчы, а чым яны ўвогуле там займаюцца, калі не сварацца між сабой ці не сядзяць пад арыштам? Натуральна, я шаржую, аднак у сітуацыі той аўтарытарнай сістэмы, якой жорстка схопленае ўсё грамадства, апазіцыйным палітыкам хіба толькі і застаецца патасна заклікаць да яе знішчэння. Дык якое тут можа быць свята?

Нацыянальны ўніверсітэт нам вельмі патрэбны

— Акурат учора прыйшла вестка, што Менгарвыканкам зарэгістраваў прыватную ўстанову адукацыі «Універсітэт імя Ніла Гілевіча». Якім можа і павінен быць гэты ўніверсітэт, на вашую думку?

— Гэта вельмі складаная праблема. Дыскусіі на тэму Нацыянальнага ўніверсітэту вядуцца ўжо не адзін год. Прапаноўваліся самыя розныя варыянты. І той, што цяпер узялі за аснову, наўрад ці будзе канчатковым. Але пакуль не гэта самае важнае. Галоўнае, што ўніверсітэт нарэшце зарэгістраваны. Нам ён вельмі патрэбны. Вельмі.

Дваццаць гадоў таму ў сітуацыі немагчымасці нацыянальнага ўніверсітэту быў створаны Беларускі калегіюм. Гэта былі гады надзвычай плённай працы, але калегіюм не можа замяніць універсітэту. Таму будзем маліцца, каб у заснавальнікаў універсітэту ўсё атрымалася.

— Калісьці вы афарыстычна сказалі, што свабоду немагчыма адваяваць, яе магчыма толькі дачакацца. Ці не ёсць гэтая заява пэўнай апалагетыкай пасіўнасці, адмовы ад барацьбы?

— Насамрэч я казаў наступнае: Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца). Але яе можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць, і чакаць менавіта як свабоду. Толькі не трэба блытаць чаканне з пасіўным знаходжаннем у абыякавасці. Калі мы моцна некага чакаем, дык рыхтуемся да сустрэчы.

Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць. А сродкі ў гэтай справе чакання могуць быць самыя розныя: ад культурніцкай працы да палітычных акцыяў. І калі мы ў сваім мностве станем чакаць свабоду, як у нядзелю ля Опернага тэатру, то яна Беларусь не абміне.

 www.svaboda.org