Рэдактар "Вольнага горада" судзіцца з крычаўскім ідэолагам

У Крычаве 28 лістапада прадоўжыўся разгляд іску начальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марыны Максімавай, якая абвінавачвае журналістаў незалежнай газеты "Вольны горад" у абразе.



volny_gorad_krych_1.jpg

 Нагадаем, у кастрычніку незадаволенасць галоўнага ідэолага раёна выклікала фраза, што яна "ў ідэалагічнай працы разбіраецца як вядомая жывёла ў апельсінах". Фраза ўтрымлівалася ў артыкуле "Не ў сваім крэсле?", апублікаваным на сайце газеты 9 верасня. У матэрыяле гаворка ішла аб стаўленні мясцовых улад да інфармавання грамадзян аб сітуацыі, што склалася ў раёне пасля абрушэння будынка Крычаўскай гімназіі. Суд пачаў разгляд справы аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі Максімавай 22 кастрычніка. На папярэдняе пасяджэнне 24 лістапада ісціца павінна была прадставіць палажэнне і рэгламент працы ідэалагічнага аддзела, аднак зрабіла гэта толькі сёння.  
"Сёння я адразу заявіў хадайніцтва, каб суд вынес прыватнае пастанаўленне ў адрас Крычаўскага райвыканкама за тое, што ён парушыў тэрміны выканання судовага патрабавання, паколькі прайшло больш за месяц", — заявіў БелаПАН рэдактар газеты "Вольны горад" Сяргей Няроўны. Паводле яго слоў, суддзя пакуль не прыняла рашэння ў дачыненні да гэтага хадайніцтва.
У той жа час, паводле сцвярджэння Няроўнага, суддзя прыняў у якасці матэрыялаў справы артыкулы з газет "Вольны горад" і "Народная воля", дзе выказваецца крытыка ў адрас Максімавай, якая, паводле меркавання адказчыкаў, не разбіраецца ў ідэалагічнай працы. 
"Мы неаднаразова крытыкавалі Максімаву, што яна не выконвала свае прафесійныя абавязкі", — заявіў журналіст, адзначыўшы, што раней на гэту крытыку іскаў у суд не было. 
У той жа час бок ісціцы сцвярджае, што "Вольны горад" абразіў Максімаву параўнаннем з жывёлай і патрабуе абвергнуць гэта, расказаў Няроўны. 
"Наша пазіцыя — аўтар выказаў сваё меркаванне, меркаванне, якое не трэба абвяргаць. Ён скарыстаўся правам на свабоду выказвання меркавання. Прычым гэта меркаванне выказаў не ў абразлівай форме, таму што не ўстаноўлена ніводным кампетэнтным органам, што тут была абраза", — дадаў ён. 
Атрымаць каментар Марыны Максімавай наконт ходу суда і пазіцыі адказчыкаў пакуль не атрымалася.
Наступнае пасяджэнне суда прызначана на 2 снежня.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН