Незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну абвінавачваюць у незаконным вырабе друкаванай прадукцыі
У адміністрацыйным пратаколе, складзеным намеснікам начальніка аддзела аховы грамадскага парадку Бярозаўскага РАУС Мікалаем Пракуратам, адзначана, што Тамара Шчапёткіна парушыла арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
![sh4apiotkina.jpg sh4apiotkina.jpg](/img/v1/news/full/sh4apiotkina.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Падставай для абвінавачання стала інтэрв’ю на сайце неакрэдытаванага ў Беларусі “Беларускага Радыё Рацыя” з загадчыкам цэнтральнай Бярозаўскай аптэкі Алегам Казюпай на тэму выдачы лекаў па рацэптах. Дарэчы, на сайце ”Радыё Рацыя” кароткая інфармацыя са здымкам Казюпы змешчана без указання аўтарства.
Сярод здымкаў 4 жанчын, паказаных Казюпе і дырэктару сярэдняй школы № 1 Бярозы Мікалаю Жуковічу, у якога Шчапёткіна таксама брала інтэрв’ю, яны прызналі Тамару Шчапёткіну. Толькі Казюпа чамусьці сказаў, што Шчапёткіна сябе назвала Галінай Васілевіч.
Азнаёміўшыся з матэрыяламі справы, журналістка адмовілася даваць тлумачэнні, скарыстаўшыся канстытуцыйным правам не сведчыць супраць самой сябе.
Для Тамары Шчапёткінай, па як словах, самым абуральным і агідным быў асабісты дагляд у вестыбюлі перад сталом міліцыянта, які сядзіць каля дзяжурнай часткі і запісвае ўсіх, хто прыходзіць у міліцыю, а таксама забірае асабістыя рэчы ў жалезны сейф, што стаіць побач. Спачатку Шчапёткіну абшуквалі металашукальнікам. Потым пазвалі жанчыну-афіцэра, якая спачатку карысталася металашукальнікам, потым загадала расшпіліць паліто і абшукала ўсе кішэнні, боты, абмацала ўсю постаць. Ёй падалося падазроным нешта ў бюстгальтары, і яна прапанавала паказаць бюстгальтар. Шчапёткіна цвёрда, але ветліва прапанову адхіліла. Толькі пасля гэтага яе дапусцілі ў кабінет Мікалая Пракурата. На пытанне Шчапёткінай, з чым звязаны такія дзеянні міліцыі, пачула ў адказ: “Рэжымны аб’ект. Рашэнне міністра МУС”.
Цяпер журналістка чакае позву ў суд.