Рыжова збілі ў выцвярэзніку. За гэта ж і судзяць
20 снежня віцебскага актывіста Сяргея Рыжова будуць судзіць за непадпарадкаванне міліцыянтам.
Сяргей Рыжоў
Падчас складання пратакола віцебскага палітыка папярэдзілі: калі суд пацвердзіць ягоную вінаватасць, супраць яго распачнуць яшчэ адну справу. Ужо крымінальную — за паклёп на супрацоўнікаў выцвярэзніку.
Падзеі, якія мае прааналізаваць суддзя Першамайскага раённага суду Наталля Карабліна, адбываліся 16 лістапада. Тады Сяргей Рыжоў трапіў у віцебскі медвыцвярэзнік. Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі-міліцыянты прывязалі яго да крэсла, збівалі і выкручвалі пальцы, патрабуючы падпісаць нейкія дакументы. Праз 4 гадзіны яго адпусцілі. Рыжоў выклікаў хуткую дапамогу, і ў траўмапункце яму зрабілі рэнтген грудной клеткі. Пераломаў рэбраў выяўлена не было. Аднак падчас агляду ў паліклініцы на наступны дзень былі зафіксаваныя шматлікія траўмы: сінякі на целе і драпіны на руках.
«З траўмапункту і з хуткай дапамогі звесткі пра маё збіццё перадалі ў міліцыю, адтуль яны трапілі ў Следчы камітэт. Ужо ранкам 17 лістапада да мяне прыйшоў следчы, і я распавёў яму пра збіццё і катаванні ў выцвярэзніку. Увечары таго ж дня мне на мабільны нумар патэлефанаваў чалавек, які назваўся начальнікам выцвярэзніку. Ён прапанаваў мне выйсці на вуліцу і паразмаўляць у ягонай машыне. Пра што — не патлумачыў і падняцца да мяне ў кватэру адмовіўся. Я таксама на размову з незнаёмым чалавекам без сведак не пагадзіўся»,— распавёў Сяргей Рыжоў.
Следчы камітэт праводзіць праверку па фактах, выкладзеных Рыжовым. Толькі праз два тыдні пасля падзеяў у выцвярэзніку з яго ўзялі тлумачэнні, каб распачаць справу за непадпарадкаванне міліцыянтам — супрацоўнікам гэтай установы. Тады ж і папярэдзілі: калі суд прызнае яго вінаватым, супраць яго распачнуць справу за паклёп на міліцыянтаў.
Паводле Рыжова, усе доказы, ці было насамрэч непадпарадкаванне, можна ўбачыць на відэазапісах. Як вядома, у выцвярэзніку ўсталяваныя відэакамеры, каб фіксаваць выпадкі крадзяжоў у нецвярозых грамадзянаў ці іншыя злоўжыванні. Запіс з відэакамераў, на думку Сяргея Рыжова, абавязкова мусіць паглядзець суд: там будзе відаць, ці былі факты непадпарадкавання, і таксама факты катаванняў і збіцця.
Віцебскі ўрач Ігар Пасноў, даверанай асобай якога з’яўляецца Сяргей Рыжоў, убачыў апошняга назаўтра пасля выцвярэзніку:
Ігар Пасноў
«Ён быў збіты, у сіняках, пальцы апухлыя, ціск падвышаны. Як медыку мне незразумела, чаму яго адразу ж не накіравалі на больш грунтоўнае абследаванне: не зрабілі рэнтген унутраных органаў, пашкоджаных рук... Яму нават накіраванне на аналізы не далі! Хірург у паліклініцы засведчыў шматлікія пашкоджанні, якія маюць цяпер сумныя наступствы: у Рыжова няправільна зрасліся пераламаныя пальцы, цяпер патрабуецца аперацыя. Я ўвогуле не ўяўляю сабе, як хударлявы, невысокага росту Рыжоў мог так “не падпарадкоўвацца” двум-тром міліцыянтам, што ў яго былі сінякі на ўсім целе, след ад удушэння на шыі і выкручаныя пальцы...»
Ігар Пасноў не выключае, што жорсткае абыходжанне з Рыжовым — гэта наступствы ягонай гісторыі з прымусовым лячэннем у псіхіятрычным шпіталі пасля крытыкі кіраўніцтва вобласці. Сяргей Рыжоў стаў даверанай асобай Паснова, і ў той дзень, калі трапіў у выцвярэзнік, ён збіраўся да яго на сустрэчу.