Сцэнары будучыні: экалогія vs палітыка
Таварыства «Зялёная сетка» І Лятучы універсітэт запрашаюць усіх ахвотных 28 кастрычніка на публічную лекцыю прафесара Алега Чэрпа «Сцэнары будучыні: экалогія VS палітыка», якая пройдзе ў галерэі «Ў» (праспект Незалежнасці 37а). Пачатак у 19.00. Уваход вольны.
![afisha_liekcii_cierpa.jpg afisha_liekcii_cierpa.jpg](/img/v1/news/full/afisha_liekcii_cierpa.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сучасныя кампутарныя мадэлі і натуральныя навукі прагназуюць сцэнары сацыяльнага развіцця. Пры такіх сцэнарах тэхнічна магчыма як захаванне глабальных экасістэм, перш за ўсё клімату, так і эканамічны рост. Аднак незразумела, наколькі такія перспектывы магчымыя з палітычнага і сацыяльнага пункту гледжання.
Як звязана рашэнне экалагічных і эканамічных праблем з праблемамі гуманітарнымі? Якім будзе чалавек у гэтым «новым свеце»? Ці магчыма ў рамках прапанаваных мадэляў улічыць нявызначанасць, звязаную з чалавечым фактарам? Што прапануюць гуманітарныя і сацыяльныя навукі ў рамках сцэнарыяў развіцця чалавецтва?
На гэтыя пытанні паспрабуе знайсці адказ Алег Чэрп, прафесар універсітэта Лунда (Швецыя), Цэнтральна-еўрапейскага універсітэта (Венгрыя).
Алег Чэрп з’яўляецца прафесарам кафедры навук аб навакольным асяроддзі і палітыцы. Даследчыя інтарэсы ўключаюць энергетычную бяспеку і стратэгіі ўстойлівага развіцця ў сітуацыі транзіту. Быў дакладчыкам Працоўнай групы па навакольным асяроддзі (у тым ліку змяненне клімату) Сёмай рамачнай праграмы (FP7) Еўрапейскай камісіі.
Мае доктарскую ступень Манчэстэрскага ўніверсітэта, працаваў з НДА і Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый у Цэнтральнай Азіі, Расіі і Беларусі.