«Сем гадоў, два гады, пятнаццаць гадоў» — Ціханоўская распавяла, чаму ёй усё роўна, які тэрмін дадуць мужу

Не мае значэння, які прысуд вынесуць Сяргею Ціханоўскаму, галоўнае — вызваліць яго і іншых палітвязняў як мага хутчэй, заявіла Святлана Ціханоўская.

cihanouski_9000.jpg


«Зараз няма розніцы, налічаць ім сем гадоў, два гады, пятнаццаць гадоў, не ведаю, на колькі ў іх хопіць фантазіі, наша задача, каб яны ўжо ў гэтым годзе выйшлі, вызваліць іх як мага хутчэй. Вось пра гэта трэба думаць. А не пра тое, ці будзе суд сумленным, ці не будзе — тут адказ відавочны», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Каментуючы тое, што працэс над яе мужам будзе закрытым, яна сказала, што «нават для прапаганды там зняць няма чаго, ні слова раскаяння, яны будуць змагацца да апошняга, яны будуць высмейваць усе тыя абвінавачанні, якія супраць іх вылучаны, таму што яны абсурдныя, і ўсе гэта ведаюць».
«Мы павінны дамагацца, каб былі вызваленыя ўсе зняволеныя (гаворка ідзе пра палітвязняў — Заўв. рэд.) у гэтым годзе, і каб правялі новыя выбары ў гэтым годзе», — сказала Святлана Ціханоўская.
Суд над  Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым пачнецца 24 чэрвеня ў 10:00. Працэс будзе праходзіць у гомельскім СІЗА ў закрытым рэжыме, паведаміла жонка Статкевіча Марына Адамовіч.
Паводле telegraf.by