Схапілі адміністратараў аднаго з найстарэйшых раённых чатаў, які нават не прызнаны «экстрэмісцкім»
Затрымалі адміністратараў тэлеграм-чата «Тыповая Серабранка», паведамляюць праваабаронцы. На іх быццам завялі крымінальную справу паводле «народнага» артыкула 342 («Арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Як адзначае «Н*ша Ніва», сярод затрыманых — двое адміністратараў чата (Глеб Юр'еў і Міхаіл Кулік), адзін мадэратар чата (Андрэй Макарэвіч) і брат аднаго з адміністратараў (Гардзей Юр'еў).
«Тыповая Серабранка» — адзін з найстарэйшых раённых чатаў у
Беларусі. Ён быў створаны летам 2018-га. У чаце абмяркоўваліся сумесныя тусоўкі
і побытавыя праблемы, людзі шукалі згубленыя рэчы. Чат дагэтуль функцыянуе, у
ім цяпер больш за 400 чалавек. Ён не прызнаны «экстрэмісцкім».
Затрыманых
вінавацяць у тым, што карыстальнікі рэпосцілі допісы з розных «пратэсных» рэсурсаў і спрабавалі ў ім арганізавацца на сумесныя акцыі.
