Сілавікі за два дні затрымалі як найменей 12 рабочых — удзельнікаў страйку

У Беларусі працягваюцца затрыманні рабочых, якія заяўлялі пра страйк.

755974119807177.jpg


Праваабаронцы называюць наступныя прозвішчы затрыманых:

  • Сяргей Шэлест, «Гродна Азот», змешчаны ў СІЗА КДБ;
  • Андрэй Пагярыла, «Гродна Азот», змешчаны ў СІЗА КДБ;
  • Уладзімір Жураўка, «Гродна Азот»;
  • Ірына Мацкевіч, дзяўчына Уладзіміра Жураўкі;
  • Валянцін Цераневіч, «Гродна Азот»;
  • Рыгон Рубан, «Гродна Азот»;
  • Дзьмітрый Ільюшчанка, «Гродна Азот»;
  • Вадзім Яфіменка, «Гродна Азот».
  • Аляксандар Гашнікаў, БМЗ, змешчаны ў СІЗА КДБ;
  • Ганна Аблаб, Беларуская чыгунка, змешчаная ў СІЗА КДБ;
  • Сяргей Дзюба, Беларуская чыгунка, змешчаная ў СІЗА КДБ;
  • Аляксей Сідар, машыніст цэху «Карбамід-2» на «Гродна Азот».

Як піша Радыё Свабода, першапачаткова з’явілася інфармацыя, што былы «азотавец» з цэху «Аміяк-3» Сяргей Шэлест паспеў з’ехаць за мяжу, аднак потым яго знайшлі ў «амерыканцы». Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра тое, у чым вінавацяць затрыманых.

21 верасня ў Наваполацку прайшоў ператрус у кватэры старшыні арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу «Нафтану» Вольгі Брыцікавай. Супрацоўнікі КДБ цікавіліся, ці ўдзельнічала яна ў відэзапісах з заклікамі да страйку. Пасля гэтага сілавікі прыйшлі ў офіс Беларускага незалежнага прафсаюзу «Нафтану» і ў аддзел маркетынгу прадпрыемства, затрымалі аднаго супрацоўніка. Сама Вольга Брыцікава на волі пад падпіскай аб невыдаванні.

Раней лідар Беларускага аб’яднання рабочых Сяргей Дылеўскі абвясціў у Беларусі перадзабастовачную сітуацыю. У інтэрв’ю Свабодзе ён расказаў, што страйк можа адбыцца ўвосень і стаць пачаткам плану «Перамога», пра падрыхтоўку якога раней аб’явілі былыя сілавікі.