Сябру Руху «За Свабоду» абмежаваны выезд з Беларусі
Моладзеваму актывісту Руху «За Свабоду» Мікіту Семяненку, які вучыцца ў Польшчы, абмежаваны выезд за мяжу праз нез'яўленне на мерапрыемствы па вайсковым прызыве.
«Папера прыйшла 8 верасня. Пратэрміноўкі сапраўды былі, — распавёў сайту Pyx.by Мікіта Семяненка. — Я вучуся ў Польшчы, паперы перыядычна прыходзілі, калі я
быў на вучобе».
Сёння актывіст пабываў у ваенкамаце Фрунзенскага раёна Мінска, дзе пацвердзілі, што ён сапраўды у спісах невыязных. «Кажуць, што адтэрміноўка для студэнтаў не дзейнічае, калі ўжо адзін
раз вучыўся ў Беларусі і быў адлічаны», — сказаў Семяненка.
Па ягоных словах, зараз ён вучыцца ў Торуне ва ўніверсітэце імя Мікалая Каперніка на факультэце «Журналістыка, PR і брэндынг», заняткі мусілі пачацца 15 верасня, ужо набытыя
квіткі.
«Я прасіў, каб адпусцілі на вучобу, але мне супрацоўнік ваенкамату сказаў: «Ды з мяне КДБ скуру здзярэ, калі я цябе за мяжу выпушчу»»,—дадаў
актывіст.
Ён адзначыў, што хоча служыць, але, калі давучыцца. «Хацеў бы ў памежныя войскі. Супрацоўнікі ваенкамату мне адразу кажуць: «Куды-куды? Такія, як ты, будуць пускаць бандытаў з
Польшчы і Украіны». Я кажу: «Затое з Расіі не буду». А яны: «А што з Расіі? Там няма»,—распавёў Мікіта Семяненка.
Па ягоных словах, на 16 верасня прызначаная камісія, якая вызначыць, ці годны ён для вайсковай службы. «Калі скажуць, што трэба служыць, то звязваюся з кіраўніцтвам універсітэта і іду
служыць Беларусі», — заключыў актывіст Руху «За Свабоду».
Мікіта Семяненка быў заяўнікам Дня Волі ў гэтым годзе ад Руху «За Свабоду», адзіны абскарджваў аплату паслуг міліцыі за ахову правапарадку падчас акцыі. Семяненка браў удзел у
мясцовых выбарах-2014 і пасля гэтага быў адлічаны з БДУ.
Паводле прэс-рэлізу Руху за Свабоду