Сяргею Рыжову прысудзілі шэсьць з паловай гадоў пазбаўлення волі

Гэта было абумоўлена характарам абвінавачання: Сяргея Рыжова судзілі за хуліганскія дзеянні (арт. 339 ч.1 Крымінальнага кодэксу) і гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару (арт. 167 ч.1 Крымінальнага кодэксу). 



fbdfeddc_a8c9_4351_a3f4_e7dad1fe80b4_w640_r1_s.jpg

Шляхам частковага складання — 2 гады паводле першага абвінавачання і 5 гадоў паводле другога — суд вырашыў пакараць Рыжова шасцю з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, а таксама яму належыць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпеламу ў памеры 15 мільёнаў рублёў і пакрыць судовыя выдаткі.

Суд над віцебскім палітыкам распачаўся 25 сакавіка. У першы ж дзень Рыжоў хадайнічаў, каб працэс зрабілі адкрытым, аднак, паводле рашэння суддзі Андрэя Прэйса, суд праходзіў у закрытым рэжыме. Таму трапіць у судовую залю не змаглі ні праваабаронцы, ні журналісты.

У судзе разглядаліся інцыдэнт, які адбыўся у віцебскім выцвярэзніку, куды Сяргей Рыжоў трапіў увосень 2013 года. Ён скардзіўся, што ў выцвярэзніку яго збівалі супрацоўнікі-міліцыянты, а тыя цвердзілі, што Рыжоў хуліганіў і не падпарадкоўваўся іхным патрабаванням. За непадпарадкаванне міліцыянтам і хуліганства (паводле адміністрацыйнага артыкулу) яму прысудзілі 15 сутак арышту, якія ён так і не адбыў: у снежні 2013 году ён з'ехаў у Расію, і вярнуўся адтуль толькі ў студзені сёлета. У першыя ж дні знаходжання ў Беларусі яго затрымалі і змясцілі ў СІЗА паводле абвінавачанняў, за якія ён асуджаны.

Сяргей Рыжоў называе сябе заснавальнікам незарэгістраванай Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі «Белая Русь», у 2012 годзе ён удзельнічаў у «Рускім маршы» што праходзіў у Магілёве. Таксама браў удзел у мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, але спыніў яго на этапе збору подпісаў за вылучэнне. Неўзабаве пасля гэтага страціў працу на садавінагароднінавым камбінаце «Ноўка», дзе быў начальнікам сектара знешнеэканамічнай дзейнасці. У студзені гэтага году ён абвясціў, што зноў збіраецца балатавацца на пасаду прэзідэнта. На думку ягонага сябра, вядомага ў Віцебску «лекара-праўдаруба» Ігара Пастнова, крымінальныя абвінавачанні супраць Рыжова звязаныя менавіта з ягоным рашэннем удзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.