Сястра асуджаных да смяротнага пакарання стварыла петыцыю і просіць захаваць братам жыццё

Сястра асуджаных да смяротнага пакарання Іллі і Станіслава Косцевых просіць падпісаць петыцыю да кіраўніка Беларусі аб памілаванні асуджаных і замене ім прысуду на пазбаўленне волі або пажыццёвае зняволенне.

cherikov_anna_8.jpg

Нагадаем, 10 студзеня Магілёўскі абласны суд вынес смяротныя прысуды ў дачыненні да двух братоў – 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых.
Еўрасаюз і Савет Еўропы асудзілі вынесеныя смяротныя прысуды і ў чарговы раз заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да поўнай адмены такога віду пакарання.
У петыцыі Ганна Косцева піша, што разумее, што яе браты здзейснілі непапраўнае злачынства, але просіць кіраўніка дзяржавы праявіць міласэрнасць да іх і захаваць жыццё, паколькі ў яго ёсць на гэта ўлада і права.
«Злітуйцеся над маімі братамі, не пазбаўляйце іх жыцця, дайце ім адзіны і апошні шанец усвядоміць здзейсненае імі, пакаяцца ў зробленым, а мне магчымасць хоць бы зрэдку бачыцца з імі, з жывымі», – звяртаецца Ганна Косцева да Аляксандра Лукашэнкі.
Прадстаўнікі грамадскасці і праваабаронцы далучаюцца да петыцыі і просяць праявіць гуманізм і замяніць вынесеныя смяротныя прысуды на доўгія тэрміны пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.
«Мы, прадстаўнікі Праваабарончага цэнтра “Вясна”, безумоўна далучаемся да петыцыі ў падтрымку просьбы Ганны аб памілаванні прыгавораных да смерці двух яе братоў – Іллі і Станіслава Косцевых.
Мы звяртаемся да ўсіх неабыякавых грамадзянаў нашай краіны, да ўсіх, хто лічыць жыццё чалавека найвышэйшай каштоўнасцю, хто выступае супраць забойства чалавека, у тым ліку ад імя дзяржавы, далучыцца да падтрымкі гэтай петыцыі. Падпісаўшы яе, мы прадэманструем, што далёка не ўсе ў Беларусі гатовыя пляскаць у далоні чарговаму вынесенаму смяротнаму прысуду.
Мы не просім аб дараванні, бо дараваць учыненае братамі забойства нельга, але аб літасці. Давайце разам паспрабуем уратаваць хаця б гэтыя, яшчэ зусім маладыя чалавечыя жыцці».
Паводле spring96.org