Жыхару Калінкавіцкага раёну пагражае смяротная кара за забойства жонкі святара

23-гадовы мужчына абвіначваецца ў забойстве з асаблівай жорсткасцю, рабаўніцтве, згоне аўтамабілю, піша svaboda.org.

58c5d91a_25dc_4ddb_a600_803c7bcfa1a1_w1023_r1_s.jpg


Следчы камітэт завяршыў над гучнай крымінальнай справай аб забойстве жонкі праваслаўнага святара ў Азарычах Калінкавіцкага раёну.
Першапачаткова праз падазрэнне ў злачынстве быў затрыманы муж ахвяры. Потым — 23-гадовы жыхар суседняй вёскі.
2 кастрычніка ў сваім доме ў пасёлку Азарычы была знойдзена забітай 42-гадовая жонка святара Тацяна. Праваахоўныя органы затрымалі яе мужа. Следчы камітэт тады паведаміў, што 47-гадовага мужчыну затрымалі ў стане алкагольнага ап’янення. Назаўтра святара адпусцілі, а затрымалі 23-гадовага Віктара, які жыў у суседняй вёсцы і дапамагаў бацюшку будаваць новую царкву.
Як паведамляе Следчы камітэт, у дзень забойства Віктар рабіў у царкве рамонт. Ён пасварыўся па тэлефоне са сваёй дзяўчынай, а потым напіўся. І вырашыў скарыстацца аўтамабілем святара, каб паехаць да гэтай дзяўчыны.

Месца злачынства

Месца злачынства


Дзверы адчыніла жонка святара Тацяна. Жанчына адмовілася даць Віктару ключы ад аўтамабіля і паспрабавала замкнуцца знутры. Абвінавачаны ўдарыў яе нажом і заскочыў у дом. Ён пабіў жанчыну, нанёс ёй яшчэ шмат удараў нажом.
Хлопец забраў ключы ад аўтамабіля, выкраў з хаты 20 долараў, 1000 расійскіх рублёў і мабільны тэлефон цаной 400 рублёў, паехаў на аўтамабілі на ферму ў суседняй вёсцы, трапіў там у ДТЗ. Даяркі, якія былі сведкамі аварыі, забралі ў Віктара ключы ад аўтамабіля і выклікалі міліцыю. Малады чалавек уцёк.
Эксперты параўналі адбіткі далоні з месца ДТЗ з тымі, якія злачынца пакінуў на месцы забойства.
Падазраванага абвінавацілі ў забойстве з асаблівай жорскасцю, рабаўніцтве, згоне аўтамабіля. Яму пагражае смяротнае пакаранне.