«Памылкі правасуддзя становяцца незваротнымі». ЕС асудзіў новы смяротны прысуд у Беларусі

З заявай выступіў прэсавы сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стано, паведамляе Свабода. 6 сакавіка смяротны прысуд Віктару Скрундзіку за забойства вынес Мінскі абласны суд.

Петэр Стано

Петэр Стано

«Еўрапейскі Саюз пацвярджае сваё рашучае непрыманне прымянення смяротнага пакарання пры любых абставінах, — гаворыцца ў заяве. — Смяротнае пакаранне парушае неадʼемнае права на жыццё, замацаванае ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і з'яўляецца найбольш жорсткім, бесчалавечным і знежаваючым годнасць пакараннем. Памылкі правасуддзя, непазбежныя ў любой судовай сістэме, становяцца незваротнымі.

Ва ўсім свеце існуе тэндэнцыя да адмены смяротнага пакарання: у 106 краінах не было ніводнага пакарання смерцю за апошнія 10 гадоў і больш. Калі б Беларусь змяніла існуючыя смяротныя прысуды і ўвяла мараторый на смяротнае пакаранне, гэты было б вельмі станоўчым першым крокам да яго адмены».
29-гадовага Віктара Скрундзіка са Случчыны асудзілі на расстрэл за жорсткае забойства двух старых у вёсках Ульянаўка Слуцкага раёну і Сухоўчыцы Капыльскага раёну.


Больш за 400 смяротных прысудаў за 20 гадоў

Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягвае прымяняцца смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне расстралялі больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання.
Еўрапейскія структуры і праваабарончыя міжнародныя арганізацыі неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, а ў перспэктыве — адмяніць яго цалкам.