Сёння Дзень герояў: угодкі Слуцкага паўстання
27 лістапада 1920 года пачаліся баявыя дзеянні паміж Слуцкімі палкамі БНР і часткамі Чырвонай арміі. Гэты дзень беларускія патрыёты адзначаюць як Дзень герояў.

Спыненне вайны паміж савецкай Расіяй і Польшчай дало магчымасць аднавіць барацьбу за незалежнасць Беларусі. На тэрыторыях, якія пакідалі польскія войскі, але куды яшчэ не ўступілі бальшавікі, фармаваліся мясцовыя органы ўлады. У лістападзе 1920 года была створаная Слуцкая рада. Яна абвясціла аднаўленне ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі павета. Па рашэнні рады было пачата фармаванне ваенных падраздзяленняў з мясцовых жыхароў. Былі створаныя два палкі — Слуцкі пад камандаваннем Паўла Чайкі (пазней яго змяніў Ахрэм Гаўрыловіч) і Грозаўскі на чале з капітанам Лукой Семянюком. Іх аб'ядналі ў Слуцкую брыгаду. Агульнае камандаванне войскамі ажыццяўляў Антон Сокал-Кутылоўскі.
Першапачаткова ў беларусаў атрымлівалася стрымліваць войскі праціўніка і разгарнуць контрнаступленне. Слуцкая брыгада правяла шэраг паспяховых нападаў у раёне Капыля і Цімкавічаў. Супраць
беларускіх атрадаў беспаспяхова змагалася Омская дывізія Чырвонай арміі. На ўсім стокіламетровым фронце Капыль-Цімкавічы-Вызна бальшавікі вымушаныя былі адступаць. Беларускія аддзелы мелі вельмі
моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва, але ім не хапала зброі і амуніцыі. У наступныя дні баявыя дзеянні працягнуліся ў раёне вёсак Быстрыцы, Васільчыцы, Варабейчыцы, Дашкава, Васілішкі,
Лютавічы і Морач. Слуцкая брыгада вызваліла ад бальшавікоў шэраг населеных пунктаў.
Разгортваўся актыўны антыбальшавіцкі супраціў. Да сялянскай арміі далучалася ўсё больш і больш людзей.
«Слуцкi збройны чын» стаў прыкладам для многіх іншых жыхароў краіны. Беларусы працягвалі партызанскую барацьбу супраць бальшавікоў і пасля таго, як Чырвоная армія заняла
тэрыторыю Слуцкага павета.