Сёння Мінскі гарадскі суд разгледзіць справу аб ліквідацыі арганізацыі «Звяно»

Кіраўніца «Звяна» Таццяна Гацура-Яворская прыйшла ў суд у смешнай масцы і заклікала ў фэйсбуку: «Усміхайцеся, спадары!»

244421816_4676625715732403_6161977673623421204_n.jpg

Вось-вось у Мінскім гарадскім судзе распачнецца пасяджэнне аб ліквідацыі грамадскай арганізацыі «Звяно».

«Усміхайцеся, спадары! — піша з залы суда кіраўніца арганізацыі Таццяна Гацура-Яворская. — Як кажа нам з турмы Марыя Калеснікава, іх зло разаб'ецца аб наш смех і танцы».
Пад пагрозай ліквідацыі «Звяно» знаходзіцца не першы месяц. 14 верасня Вярхоўны суд Беларусі адхіліў апеляцыйную скаргу арганізацыі на пастанову Мінскага гарадскога суду, які месяц таму пагадзіўся з папярэджаннямі, якія вынесла «Звяну» Міністэрства юстыцыі. Для арганізацыі гэта ўжо тады азначала магчымую ліквідацыю праз рашэнне суду, які ўжо пачаўся, аднак пазней быў часова прыпынены.

У чэрвені Мінюст Беларусі вынес папярэджанне «Звяну». Сярод выказаных чатырох прэтэнзій было тое, што паводле статуту грамадская арганізацыя нібыта не мела права на маніторынг сістэмы аховы здароўя, у прыватнасці, працы па барацьбе з COVID-19. У выніку перамоваў адну з прэтэнзій знялі, але гэтая засталася і фігуравала на разглядзе скаргі «Звяна» Вярхоўным судом.