СК адмовіўся разблакаваць рахункі «ИМЁН» для перавода сабраных ахвяраванняў праектам

Следчы камітэт, які наклаў арышт на рахункі «ИМЁН», адхіліў хадайніцтва, у якім ініцыятыва прасіла разблакаваць рахункі для пераводу сабраных ахвяраванняў яе праектам. А таксама для выплаты заробкаў супрацоўнікам і разлікаў па паслугах.

photo_2021_07_29_10_40_19_1.jpg


Сума ахвяраванняў на заблакаваных рахунках складае 1 368 616 рублёў (у эквіваленце гэта $545 265).

«Цікава, што з арыштаванымі рахункамі мы таксама не можам ліквідавацца, нягледзячы на пастанову Мінгарвыканкама аб ліквідацыі арганізацыі, — адзначаюць «ИМЕНА». — Мы не можам звольніць супрацоўнікаў, аддаць усім працоўныя кніжкі. Мы таксама не можам вызваліць арандаванае памяшканне, паколькі яно ўсё яшчэ апячатана, і за якое мы таксама павінны плаціць. Навідавоку прававая калізія.

Так, напрыклад, ФСАН нашага раёна настойвае на выплатах у фонд, спасылаючыся на рашэнне Мінгарвыканкама аб ліквідацыі «ИМЁН». Такія выплаты абавязковыя, без іх ліквідацыя не можа адбыцца. І мы абавязаныя за сваіх супрацоўнікаў гэтыя выплаты зрабіць і рабілі гэта рэгулярна. Але цяпер любыя аперацыі па рахунках проста немагчымыя. І такіх нюансаў — маса».

«ИМЕНА» паведамляюць, што з дапамогай адвакатаў рыхтуюцца аспрэчваць рашэнне Мінгарвыканкама аб ліквідацыі.