СК заявіў пра «прыкметы алкагольнага ап'янення» ў забітага Рамана Бандарэнкі
Следчы камітэт высвятляе абставіны смерці 31-гадовага жыхара Плошчы Перамен.
Паводле афіцыйнай заявы Следчага камітэта, 11 лістапада ў міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што ў двары дома на вуліцы Чарвякова ў Мінску адбылася бойка паміж агрэсіўна настроенымі мясцовымі жыхарамі, якія вешалі стужкі, і асобамі, якія іх здымалі. На месцы супрацоўнікі міліцыі выявілі мужчыну з цялеснымі пашкоджаннямі і прыкметамі алкагольнага ап'янення. Мінчанін быў дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС Мінска для высвятлення абставінаў таго, што здарылася. У сувязі з пагаршэннем самаадчування мужчыны праваахоўнікі выклікалі яму хуткую медыцынскую дапамогу. Мінчанін быў агледжаны медыкамі, пасля чаго шпіталізаваны ва ўстанову аховы здароўя, дзе пры першасным аглядзе нароўні з цялеснымі пашкоджаннямі ў яго дыягнаставана алкагольная інтаксікацыя. На наступны дзень, нягледзячы на аказаную медыцынскую дапамогу, мужчына памёр.
На месца здарэння выбывала следча-аператыўная група. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза, канфіскавана неабходная медыцынская дакументацыя, аналізуюцца відэазапісы, размешчаныя ў інтэрнэце.
Па дадзеным факце следчым упраўленнем УСК па Мінску праводзіцца праверка.
Паводле суседзяў Рамана Бандарэнкі, ён выйшаў у двор ўвечары 11 лістапада, калі невядомыя ў масках прыехалі здымаць бел-чырвона-белыя стужачкі з плота.
Пачалася бойка. Відавочцы кажуць, што Рамана з сілай адштурхнулі, ён стукнуўся галавой. Потым хлопца павезлі на мікрааўтобусе. Праз паўтары гадзіны збітага даставілі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі з ацёкам мозгу. Была аперацыя, малады чалавек знаходзіўся ў крытычным стане да вечара чацвярга. Увечары ён памёр.