У Беларусі і замежжы адбудуцца памінальныя службы па Раману Бандарэнку (расклад)
Цэрквы розных канфесій адслужаць паніхіды па памерламу пасля збіцця сілавікамі жыхару Плошчы Перамен Раману Бандарэнку.
Расклад службаў апублікавала ў сваім фэйсбуку багаслоў Наталля Васілевіч.
Мінск
Грэка-каталіцкая: Пятніца, 13 лістапада а 18:30. Заўпакойная Літургія (з паніхідай) за супакой душы загінулага Рамана Бандарэнкі ў храме грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа (вул. Арджанікідзэ д. 6).
Рымска-каталіцкая: Пятніца, 13 лістапада а 18:30. У Мінскай архікатэдры (пл. Свабоды 9) а 18.30 адбудзецца Святая Імша за спачылага Рамана Бандарэнку.
Праваслаўная:Пятніца, 13 лістапада, 13:00. Інстытут тэалогіі БДУ, каб. 307. (ст.м. Кастрычніцкая, выхад да Дома афіцэраў), ліція па Раману Бандарэнку і ўсіх нявінна забітых за свабоду Беларусі.
Пятніца, 13 лістапада, Храм Кірылы Тураўскага (Мінская Духоўная Акадэмія, ст. м. Няміга), час удакладняецца.
Гродна
У памяць аб бязвінна забітым, па-зверску замучаным Рамане штогадзіну будзе гучаць вялікі саборны звон Гродзенскага Пакроўскага сабора. У 10:15 Паніхіда аб забітым Рамане.
Вільня
Каталіцкая. 13.11.2020 а 18:00 у касцёле Св. Барталамея (Užupio g. 17A) - Святая Імша за спачылага Рамана Бандарэнку і ўсіх пакутнікаў Беларусі (абмежаванні па ковід 20 чалавек).
Праваслаўная. 13.11.2020 а 18:00 у царкве св. Параскевы Пятніцы (Didžioji g. 2). Абмежаванні па ковід: не больш за 10 чалавек.