СК: кіраўнік буйнога спайсакартэля збег з Мінска і абвешчаны ў вышук
Кіраўнік буйнога спайсакартэля з Мінска ўцёк і абвешчаны ў міжнародны вышук. Выяўлены ўсе ўдзельнікі, а таксама арганізатары злачыннага бізнесу. Шмат каму з іх прад'яўленыя абвінавачванні, і яны заключаны пад варту. Пра гэта паведамілі ў Следчым камітэце Беларусі.

СК правёў маштабную працу па высвятленні асоб, якія маюць дачыненне да шэрагу смерцяў падлеткаў ад асабліва небяспечных псіхатропаў летась. Галоўнае следчае ўпраўленне выявіла тых, хто паставіў гандаль спайсамі ў Беларусі на паток.
Гэта была арганізаваная злачынная група, якая распаўсюджвала ў краіне так званыя маркі. Атрыманыя доказы аб дачыненні групы да гібелі двух хлопцаў і дзяўчыны ў пачатку 2014 года.
Як выяўлена, адной з ключавых фігур і ідэйным натхняльнікам злачыннай групы з'яўляецца Зайцаў Юрый Анатольевіч, 1991 года нараджэння, які ў цяперашні час абвешчаны ў міжнародны вышук.
Пасля выяўлення падпольных лабараторый па вытворчасці забароненых рэчываў, падкантрольных злачыннай групе, следству стала зразумела, чаму некаторыя спажыўцы спайсаў гінуць або трапляюць у бальніцы з цяжкімі атручваннямі.
Калі за вытворчасць браліся мясцовыя наркаманы-хімікі, пракантраляваць канцэнтрацыю рэчыва і захаванне злачыннай тэхналогіі было немагчыма. Таму ўжыванне спайсаў можна прыраўняць да гульні ў «рускую рулетку» — няма гарантыі, што памешваючы вяслом у бочцы ў гаражы сваё смяротнае «варыва», вытворца нешта не наблытае, а потым, наносячы на «марку» раствор, не капне туды замест адной дзве кроплі, якія стануць смяротнымі для спажыўца.
Як выяўлена, абвінавачаныя ведалі пра смяротную небяспеку рэчываў, але прадавалі іх. Гэта і прывяло да гібелі некалькіх маладых людзей.
Арганізатарам і членам групы прыйдзецца несці крымінальную адказнасць не толькі за выраб і збыт псіхатропных рэчываў, але і за смерці людзей.
У ходзе следства папярэджана распаўсюджванне некалькіх тысяч «марак» новага пакалення, так званых дызайнерскіх наркотыкаў.
Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да злачыннай групы працягваецца, прымаюцца меры па выяўленні і канфіскацыі матэрыяльных каштоўнасцяў абвінавачаных, атрыманых у ходзе злачыннай дзейнасці.
Спынена спроба Юрыя Зайцава і іншых асоб абнаявіць праз банкаматы ў Мінску 1,5 млрд рублёў. Накладзены арышт на суму звыш 680 млн рублёў, якія знаходзіліся на рахунках, адкрытых на падстаўных асоб.

На фота: маркі, якія не паступілі ў продаж
telegraf.by