Следчы камітэт закрыў справу па факце смерці Ігара Пцічкіна і абвінаваціў яго ў распаўсюдзе «спайсаў»

Следчы камітэт закрыў крымінальную справу па факце гібелі ў СІЗА на Валадарскага ў жніўні 2013 году Ігара Пцічкіна.



pticzkin1.jpg

У прэс-рэлізе СК паведамляецца, што І. Пцічкін доўгі час цярпеў на сіндром залежнасці ад «спайсаў» і алкаголю.
«З моманту пачатку адбыцця пакарання ў І. Пцічкіна ўзьнікла вострае (часовае) псіхічнае расстройства на фоне стану адмены псіхаактыўных рэчываў, ускладненае парушэннем свядомасці, вар’яцкімі ідэямі пераследу, галюцынацыямі. З гэтай прычыны 3 жніўня 2013 году І. Пцічкін быў шпіталізаваны з агульнай камеры ў медычную частку ізалятара, дзе з мэтай прадухілення членашкодніцтва быў зафіксаваны мяккімі рамянямі да ложка. Смерць І. Пцічкіна наступіла ў медычнай частцы раніцай 4 жніўня 2013 г. з прычыны вострай сардэчна-сасудзістай недастатковасці, што ўзнікла на фоне сіндрому, які развіўся [ў яго]», — кажуць у Следчым камітэце.
Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да медыцынскага персаналу СІЗА аб неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, якія спрычынілі праз неасцярожнасць смерць Пцічкіна, спынена.
«Асноўным у надыходзе смерці з'явіліся характар і цяжкасць саміх працэсаў хваробы. Аказанне медыцынскай дапамогі ў поўным аб’ёме нават ва ўмовах спецыялізаванага стацыянару не гарантавала спрыяльнага зыходу, у сувязі з чым дапушчаныя парушэнні службовых інструкцыяў з боку медыцынскага ізалятара СІЗА № 1 не знаходзяцца ў прамой прычыннай сувязі з наступствамі, якія мелі месца», — падкрэсліваюць у СК.
Акрамя таго, у СК абвінавацілі Пцічкіна ў актыўным распаўсюдзе «спайсаў»:
«Па гэтым факце адным з раённых аддзелаў УСК па г. Мінску расследавалася крымінальная справа ў дачыненні да апошняга, у ходзе якой былі атрыманыя ўсе неабходныя доказы яго дачыннасці да збыту псіхатропных рэчываў. Акрамя таго, гэта пацвярджаецца шматлікімі допытамі сведак. Цяпер, пасля поўнага і ўсебаковага расследавання, крымінальны пераслед у дачыненні да І.Пцічкіна спынены з прычыны ягонай смерці».
15 траўня 2013 году суд Заводзкага раёну Мінску прысудзіў Ігару Пцічкіну тры месяцы адміністрацыйнага арышту за кіраванне аўтамабілем у перыяд, калі ён быў пазбаўлены правоў. 30 ліпеня малады чалавек сам прыбыў у Заводзкі РУУС, адкуль яго накіравалі для адбыцця пакарання ў СІЗА № 1.
4 жніўня родным паведамілі, што Ігар Пцічкін памёр у СІЗА на Валадарскага. Паводле папярэдняй версіі, смерць наступіла ад спынення сэрца. На целе Пцічкіна былі шматлікія драпіны і гематомы.
Маці загінулага Ігара Пцічкіна Жанна Пцічкіна сказала карэспандэнту Свабоды, што яны дагэтуль не атрымалі дакументаў са Следчага камітэту пра закрыццё справы аб прычынах смерці яе сына.
Жанна Пцічкіна не згодная з рашэннем аб закрыцці справы і будзе яго абскарджваць. Паводле Жанны Пцічкінай, следчыя абяляюць міліцыянтаў, якія вінаватыя ў смерці яе сына.
«Экспертыза пасля эсгумацыі не выявіла ў сына слядоў наркотыкаў ці алкаголю, затое вызначыла сінякі, не сумяшчальныя з жыццём. Між тым чамусці паталагаанатам вырашыў, што мой сын прымаў наркотыкі. Гэта дзіўнае рашэнне, якое нельга патлумачыць. Потым мне казалі, што яны апыталі ў следчым ізалятары вязняў, якія з ім сядзелі, нібыта сын расказваў ім, што ён ужо 6 гадоў ужывае наркотыкі. Гэта няпраўда, не мог ён такога казаць, а з людзей пад следствам можна ўзяць любыя паказанні. Міліцыянты выгароджваюць сваіх, але мы не спынім спробаў дамагчыся праўды пра смерць Ігара», — сказала Жанна Пцічкіна.
svaboda.org