Слонім. Тэлефануюць тым, хто падпісаўся пад зваротам
Па інфармацыі жыхароў Слонімшчыны, якія падпісаліся пад зваротам да ўладаў па стварэнні працоўных месцаў, ім штодня тэлефануюць з райвыканкама і пытаюць, ці яны дармаеды.

Тэлефануе слонімцам з райвыканкама Вольга Юзвовіч. Маўляў, з Адміністрацыі прэзідэнта прыйшла папера, каб разабраліся з тымі, хто падпісаўся.
Нагадаем, што сёлета 6 ліпеня на Слонімшчыне было сабрана больш за 200 подпісаў супраць дэкрэту пра дармаедства і за стварэнне працоўных месцаў з годнымі заробкамі ў Слоніме.
Подпісы сабралі сябры грамадскай ініцыятывы “Народны кантроль”. Каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Іван Бедка ў панядзелак, 6 ліпеня, адправіў подпісы ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Савет Міністраў Беларусі, у Гарадзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам. І вось цяпер пачынаюць разбірацца не з працаўладкаваннем людзей, а з тымі, хто паставіў свае подпісы пад зваротам.