Слуцкага блогера будуць судзіць за несанкцыянаваны мітынг

Як паведаміў сам блогер, удзельнік праекту «Страна для жизни» Уладзімір Няронскі на канале ў Ютуб 22 сакавіка, супраць яго распачатая адміністрацыйная справа па арганізацыі 15 сакавіка несанкцыянаванай сустрэчы з людзьмі каля рэчкі Случ.

hqdefault_17.jpg

— 17 сакавіка я быў выкліканы ў аддзел Слуцкага РАУС для азнаямлення  з матэрыяламі справы па факту правядзення несанкцыянаванага мітынгу, — распавёў Уладзімір Няронскі. — Першапачаткова суд нада мною планаваўся адбыцца ў гэты ж дзень, пасля быў перанесены на 25 сакавіка.

Па словах Уладзіміра, у размове з прадстаўнікамі міліцыі ён спрабаваў спасылацца на канстытуцыйнае права грамадзян на сходы для абмеркавання сваіх праблем, аднак паразумення з міліцыянтамі не адбылося. Уладзімір запрасіў усіх неабыякавых людзей папрысутнічаць на судзе, каб сваёй прысутнасцю выказаць сваю незадаволенасць парадкамі ў Слуцку і падтрымаць чалавека, які змагаецца за справядлівасць.

Таксама блогер лічыць, што супраць яго запланаваны ўсебаковы ціск, каб закрыць яму рот. Лічыць, што арганізацыя гэтага ціску будзе сыходзіць ад дзейснага мэра ў Слуцку Андрэя Янчэўскага, якога ён у адным з сваіх матэрыялаў на YouTube  абвінаваціў у тым, што той не звяртае ўвагі на несправядлівасці ў рэгіёне.

Блогер Уладзімір Няронскі далучыўся да ініцыятывы «Страна для жизни» у другой палове лютага гэтага года. Яго эмацыйныя выступы не пакінулі абыякавымі многіх случчан і атрымалі рознабаковыя ацэнкі.

— Гэта вельмі добра, што хтосьці ў Слуцку адкрыта выступае супраць несправядлівасці і апісвае сур'ёзныя праблемы людзей, — гаворыць пенсіянер Анатоль Болазь, які ў мінулым таксама змагаўся з несправядлівасцю праз напісанне зваротаў у розныя чыноўніцкія інстанцыі. — Шкада толькі, што блогер дзейнічае занадта неабачліва. Трэба больш акуратна падбіраць словы для апісання дзейнасці чыноўнікаў, інакш ён можа сам сабе здабыць розныя штрафы і іншыя пакаранні, чым спросціць працу чыноўнікаў па выцясненні яго з інфармацыйнага поля.