Спорт па нядзелях. Штангісты з пустымі рукамі, хакеісты ў топе

З набліжэннем Новага года і Калядаў на спартыўных арэнах традыцыйна цішэе. Аднак падзеі ёсць — агляд апошніх вашай увазе ў штотыднёвай рубрыцы «НЧ».

20211217191554.jpg

Вельмі цяжкая атлетыка

У Ташкенце цёпла нават у снежні, аднак беларускія штангісты камфортны ўзбекскі клімат асабліва не ацанілі. Бо яны там былі па важнай патрэбе — на чэмпіянаце свету, аднак выступілі там так, шо нібыта патрапілі пад халодны душ.

Карацей, аніводнага медаля не здабылі беларускія волаты, нібыта і не ездзілі нікуды. Апошні раз такое з беларускай цяжкай атлетыкай здаралася паўтара дзясятка гадоў таму — ажно ў 2005-м. Тады ЧС праходзіў у Катары, дзе таксама шмат сонца і цеплыні.

Пры гэтым варта ўдакладніць: без узнагарод беларусы засталіся ў паўнавартаснай праграме — у дваябор’і. Калі браць асобныя дысцыпліны, то маленькая нагода парадавацца ёсць у цяжкавагавіка Эдуарда Зязюліна — ён стаў трэцім у рыўку. Зрэшты, гэта выключна кропкавы поспех, бо на тых жа Алімпіядах у разлік прымаецца толькі сумарна паднятая вага — у рыўку і ў штуршку.

Усяго ў Ташкенце гонар айчыннай цяжкай атлетыкі спрабавалі абараніць чатыры асілкі (жанчыны-беларускі гэтым разам у чэмпіянаце свету не ўдзельнічалі). Гэта Павел Хадасевіч (вагавая катэгорыя да 89 кілаграмаў), Пётр Асаёнак (96 кг), Аляксандр Венскель (102 кг) і Эдуард Зязюлін (+109 кг). Першы ў выніку не адзначыўся ўвогуле нічым — атрымаў нулявую адзнаку, бо не змог выйсці на штуршок праз траўму спіны, другі заняў толькі 13-е месца, трэці стаў сёмым, а чацвёрты — уласна чацвёртым, крыху не дацягнуўшы да п’едэстала.

Крыху ў спорце, вядома, не лічыцца, таму што цяпер? Хіба што суцяшацца тым, што адпавядаем алімпійскаму прынцыпу: галоўнае — не перамога, а ўдзел. І гэта, дарэчы, не нейкая фігура прамовы. Было і такое, што беларускіх штангістаў увогуле не пускалі спаборнічаць — як на ЧМ-2017 у амерыканскім Анахайме. Прычына вядомая і непрыгожая — бан на нашых цяжкаатлетаў наклалі праз ужыванне допінгу.

Хакей, які ўрэшце змог здзівіць

Хакейная зборная Беларусі выйграла чэмпіянат свету. Гучыць? А то — калі не паглыбляцца ў падрабязнасці. А падрабязнасці такія: па-першае, справа не пра дарослую нацыянальную каманду, а пра маладзёжную (U-20), па-другое — мацнейшымі нашы хлопцы сталі не ў элітным дывізіёне, а ў другім паводле сусветнага ранжыру.

Але ж гэта, безумоўна, поспех. Асабліва на фоне іншых вынікаў, якімі айчынны хакей даўно ўжо заўзятараў не песціць.

2_471.jpg

Учора беларуская «маладзёжка» праводзіла вырашальны матч. У Даніі, якая сёлета гаспадарала на чэмпіянаце, нашы дваццацігодкі пераадолелі Нарвегію. З прыгодамі — пасля двух перыядаў прайгравалі 1:2 — аднак перамога ёсць перамога. Выніковыя 3:2 канчаткова замацавалі беларусаў на першым месцы, якое толькі і давала пуцёўку ў клас лепшых.

У папярэднія дні беларуская каманда таксама скрозь перамагала: датчан, венграў, казахстанцаў, латвійцаў. Вельмі ўражлівая пераможная серыя, то і выніковы трыумф цалкам заканамерны. У наступным годзе Беларусь пад цэтлікам U-20 зноў будзе прадстаўлена ў элітным эшалоне сусветнага хакея.

Канечне, там рахунак будзе ўжо сапраўды гамбургскі. Бо адна справа — венгры ды казахі, і зусім іншая — канадцы, амерыканцы, расіяне і шведы з фінамі. У эліце будзе змагацца на парадак цяжэй, і, відаць, задача перад беларускімі «рэпатрыянтамі» будзе стаяць максімальна празаічная — не вылецець назад у Д2.

Усё ніяк не лятуць тыя «Цмокі»

3_420.jfif

Беларускія баскетбольныя «Цмокі» па-ранейшаму аніяк не падобныя на цмокаў Дэйнэрыс. Тыя высока лёталі і наводзілі страху на наваколле, а гэтыя мінскія… Калі і лётаюць, то як у тым анекдоце — нізенька-нізенька. Акурат хапае на апошняе месца ў Лізе ВТБ. Такое жыццё, і з ім даводзіцца мірыцца.

Мы згадвалі пра беларускі баскетбольны флагман на пачатку сезона. Тады ў стартавай гульні мінчане зневажальна саступілі на сваёй пляцоўцы маскоўскаму ЦСКА — 44:92. Прайшло крыху менш за тры месяцы, і вось нашы нястрымныя хлопцы ўжо завершылі праграму 2021 года. Ну што казаць: з розніцай пад пяцьдзесят ачкоў яны больш не саступалі, але пры іншай колькасці маркотна ранейшай засталася якасць. Адна параза сядзіць на другой. І трэцяй паганяе.

Усяго сёлета ў міжнародным чэмпіянаце ВТБ «Цмокі» згулялі дзевяць матчаў. У васьмі з іх прайгралі — рысу падвяла ўчорашняя няўдача з краснаярскім «Енісеем» — 79:86. Адна-адзінкавая перамога здарылася на пачатку лістапада, калі мінчукі ледзьве-ледзьве — 93:91 — здолелі ўзяць верх над эстонскім «Калевам». Каліва гэтае мала суцяшае, бо што так, што так — месца каманды ў турнірнай табліцы апошняе.

Працяг сезона ў студзені. Да сярэдзіны красавіка «Цмокі» працягнуць поркацца ў рэжыме рэгулярнага чэмпіяната, а вось каб патрапіць у плэй-офф — аб гэтым беларускаму баскетболу застаецца толькі марыць. Як і заўсёды.

Фота pressball.by, hockey.by, БК «Цмокі».