Справа PandaDoc закрытая
Як стала вядома dev.by, крымінальная справа паводле артыкула аб махлярстве (ч. 4, арт. 209 КК) супраць чатырох супрацоўнікаў PandaDoc закрытая. Інфармацыю пацвердзілі ў кіраўніцтве кампаніі.
У PandaDoc адзначылі, што «пакуль не ведаюць дакладна» аб зняцці ўсіх абмежаванняў з фігурантаў справы.
2 верасня 2020 года ў мінскім офісе PandaDoc прайшлі ператрусы. Чатырох супрацоўнікаў кампаніі — дырэктара Дзмітрыя Рабцэвіча, менеджара Віктара Куўшынава, бухгалтара Юлію Шардыку і эйчара Уладзіслава Міхалапа — абвінавацілі ў крадзяжы каля 107 тыс рублёў (ч. 4, арт. 210 КК). Пазней артыкул змянілі на «махлярства» (ч.4, арт.209 КК).
23 верасня стала вядома, што кампанія PandaDoc дамаглася зняцця арышту са свайго рахунку. Для гэтага кампанія пералічыла на дэпазіт Следчага камітэта 107 тысяч рублёў у эквіваленце.
11 кастрычніка 2020 года дырэктара PandaDoc Дзмітрыя Рабцэвіча выпусцілі з СІЗА КДБ пад хатні арышт. Гэта адбылося на наступны дзень пасля візіту ў СІЗА Аляксандра Лукашэнкі. Праз два дні пад хатні арышт былі пераведзеныя Юлія Шардыка і Уладзіслаў Міхалап. У сакавіку 2021 года стала вядома, што Рабцэвіч знаходзіцца ўжо пад падпіскай аб нявыездзе. Апошні фігурант справы — Віктар Куўшынаў — выйшаў на волю 20 жніўня.