Старшыня Руху «За Свабоду» аштрафаваны за ўдзел у акцыі 1 траўня
Суд аштрафаваў старшыню Руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча на 40 базавых велічыняў за актыўны ўдзел у першамайскай акцыі на Кастрычніцкай плошчы.
Суд аштрафаваў старшыню Руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча на 40 базавых велічыняў за актыўны ўдзел у першамайскай акцыі на Кастрычніцкай плошчы.
Разгляд справы пачаўся 18 траўня. Суддзя Сідарок агучыла абвінавачванні ў адносінах Губарэвіча: знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы, прымаў актыўны ўдзел у несанкцыяванай акцыі, выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Баста!».
Старшыня Руху «За Свабоду» сваёй віны не прызнаў.
«Грамадства сёння знаходзіцца ў цяжкім стане. Рэжым пераўтварыў краіну ў утрыманца Расіі. Няма надзеяў і на суды, рашэнні якіх спускаюцца зверху. У гэтых умовах у людзей няма іншага выйсця як выходзіць на вуліцу», — заявіў на судзе Юрый Губарэвіч.
Па ягоных словах, ва ўмовах затрымання прэвентыўных арганізатараў акцыі ён быў гатовы «ўзяць на сябе адказнасць і ўзначаліць калону», але такой патрэбы не ўзнікла, так як частка з іх засталася на свабодзе. Таму лідар Руху паразмаўляў з актывістамі арганізацыі на плошчы, журналістамі і сышоў з Кастрычніцкай плошчы. Ён аспрэчваў зафіксаваны ў пратаколе час знаходжання на месцы акцыі і актыўны ўдзел у ёй, звяртаў увагу на парушэнні пры складанні пратаколу, абвінаваціўшы міліцыянтаў-сведак у хлусні.
Юрый Губарэвіч заявіў хадайніцтва пра выклік у суд сведкі Алеся Кіркевіча, які мог пацвердзіць, што ў 14.30 ён ужо не знаходзіўся на плошчы, а таксама запатрабаваў відэа, якое адзняла міліцыя.
Хадайніцтва суддзя задаволіла і перанесла далейшы разгляд на 19 траўня.
Сёння Кіркевіч выступіў, але відэа міліцыя не прадставіла.
Усе прадстаўленыя пад час працэсу аргументы суддзя Сідарок да ўвагі не прыняла і аштрафавала Губарэвіча на 40 базавых велічыняў.
Вольга Быкоўская,pyx.by