Студэнцкі інтэрнат толькі чальцам прафсаюза і БРСМ?

Студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якія не ўступілі ў прафсаюз і БРСМ, могуць не атрымаць месцы ў інтэрнаце. 

Ілюстрацыйная выява. Інтэрнат МДЛУ ў Мінску. Фота: wikimapia.org

Ілюстрацыйная выява. Інтэрнат МДЛУ ў Мінску. Фота: wikimapia.org

Некалькі суразмоўцаў «Нашай Нівы» расказалі, што атрымлівалі ад адміністрацыі ВНУ паведамленні: «Вы не лічыцеся сябрам прафсаюза, таму ведайце, што могуць узнікнуць праблемы з засяленнем у інтэрнат у наступным навучальным годзе». Вядома, адразу ідзе рэкамендацыя ўступіць у прафсаюз як мага хутчэй, каб паспець да пасяджэння камісіі па жыллёва-бытавых пытаннях.

Хтосьці атрымліваў аналагічныя «сяброўскія парады» падчас прыватнай гутаркі з прадстаўнікамі навучальнай установы.

«Вядома, вы можаце нікуды не ўступаць, але падумайце: навошта вашым бацькам потым марнаваць шмат грошай на арэнду кватэры?»

На афіцыйным сайце МДЛУ можна знайсці парадак засялення студэнтаў у інтэрнаты за мінулы навучальны год. Там сапраўды сярод тых, хто мае права прэтэндаваць на першачарговае засяленне ў інтэрнат, указаны «сябры пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі МДЛУ». Пра БРСМ згадак няма. У прыкладзе партфоліа (рэкамендуюць падаваць у электронным выглядзе паралельна з заявай на інтэрнат і іншымі дакументамі) інфармацыя пра тое, ці з’яўляецца  студэнт сябрам прафсаюза, ідзе ў першым сказе — адразу пасля імя і прозвішча.

Ці сапраўды неабходна быць у абедзвюх арганізацыях — прафсаюзе і БРСМ — для таго, каб атрымаць месца ў інтэрнаце? З такім пытаннем некаторыя бацькі студэнтаў звярнуліся да прадстаўніцы ВНУ. І вось які адказ атрымалі: «Калі ваша дзіця і ў прафсаюзе, і ў БРСМ, то гэта яму дасць перавагу пры размеркаванні месцаў у інтэрнаце».