Студэнтка Алеся Бука на волі. Ёй сказалі, што могуць затрымаць па 22-х артыкулах

Студэнтку Полацкага дзяржуніверсітэта затрымалі 26-га сакавіка, папярэдне правёўшы ператрус у яе інтэрнацкім пакоі і забраўшы ўсю аргтэхніку. Як стала вядома, дзяўчына знаходзіцца ў статусе падазраванай паводле крымінальнага артыкула 369 — нібыта за абразу прадстаўніка ўлады, піша «Радыё Рацыя».

2021_03_29_lipka_alesia_buka_f1.jpg


Выхадныя яна правяла за кратамі, а сёння, 29 сакавіка, яе выпусцілі, паведаміла маці дзяўчыны, Юлія Бука:
 — Алеся вярнулася дамоў, яна цяпер у інтэрнаце, але сувязі з ёй няма, бо не вярнулі тэхніку, што ў яе забралі. Яе вінавацяць за тое, нібыта яна ў суполцы «Каратели Беларуси» пакінула нейкі каментар, хаця яна на тую суполку нават не падпісаная. Яшчэ сказалі, што яе могуць затрымаць на трое сутак паводле 22-х артыкулаў за палітычную дзейнасць.
Паводле Юліі Букі, дачка распавяла, што на падставе таго самага артыкула 369 Крымінальнага кодэкса ў Полацку затрымана шмат людзей. Маці лічыць, што Алесю Буку вінавацяць беспадстаўна, каб запалохаць.
Алеся Бука была ўдзельніцай відэазвароту студэнтаў ПДУ да грамадзян Беларусі, дзе быў выказаны пратэст супраць гвалту з боку міліцыі падчас мірных акцый. 11 сакавіка яна ўзяла ўдзел у флэшмобе «На што ты здольны дзеля мары», пагаліўшы галаву на знак салідарнасці са зняволенымі па палітычных прычынах. Маці дзяўчыны не выключае, што адміністрацыя ПДУ не задаволеная паводзінамі дзяўчыны і яе знешнім выглядам — паголенай галавой і байкай з «Пагоняй», у якой Алеся ходзіць на заняткі.
Юлія Бука кажа, што падтрымлівае дачку і падзяляе яе грамадзянскую пазіцыю. Яна — гаспадыня вядомай на Глыбоччыне аграсядзібы «Родны кут», дзе абслугоўваюць па-беларуску і нават прапаноўваюць зніжкі для беларускамоўных гасцей.