«Стварэнне вобраза ўнутранага ворага з прадстаўнікоў меншасці». Ціск на палякаў у Беларусі працягваецца

Ціск на польскую меншасць у Беларусі працягваецца. Следам за ператрусамі і затрыманнямі прадстаўнікоў Саюза палякаў у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях у межах крымінальнай справы за рэабілітацыю нацызма (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса) улады пачалі праверку ўстаноў, дзе вывучаецца польская мова і культура. Так, 29 сакавіка ў Смаргоні дырэктарцы школы вывучэння польскай мовы Вользе Будай раённая пракуратура даслала ліст, у якім просіць прадаставіць звесткі аб тых, хто навучаўся ці навучаеццы ў дадзены момант у школе (спісы асоб, анкетныя даныя, копіі плацёжных дакументаў).

pprakuratura_lingva.jpg

«Мы рашуча асуджаем такога кшталту захады ў дачыненні да прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці. Арышты лідараў польскай супольнасці па надуманых, палітычна ангажаваных і афарбаваных у прапагандысцкім сталінскім стылі крымінальных справах. Праверкі ў польскіх школах і культурніцкіх цэнтрах, зборы персанальных дадзеных грамадзян, у тым ліку непаўнагадовых, якія вывучаюць польскую мову. Выстаўленне Польшчы як нібыта краіны ворага, агрэсара ў дзяржаўнай прапагандзе і стварэнне вобраза ўнутранага ворага з прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меньшасці з'яўляецца вельмі небяспечнай тэндэнцыяй», — адзначыў праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Што адбываецца вакол Саюза палякаў у Беларусі? Храналогія

10 сакавіка была ўзбуджана крымінальная справа аб «гераізацыі ваенных злачынцаў». Згодна з інфармацыяй пракуратуры, справа ўзбуджана па факце здзяйснення групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму — гэта значыць, па ч.3 арт. 130 КК.

Падчас даследчай праверкі, паведаміла пракуратура, устаноўлена, што 28 лютага ў памяшканні, арандаваным Брэсцкім форумам польскіх лакальных ініцыятыў і «Польскай школай», з удзелам непаўналетніх і моладзі прайшло незаконнае масавае мерапрыемства. «Убраныя ў нацыянальную форму польскай скаўцкай арганізацыі маладыя людзі выконвалі песні, чыталі вершы ў славу ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, вядомага пад мянушкай "Буры"», — паведаміла пракуратура.

11 сакавіка ў Брэсце затрымалі сузаснавальніка «Польскай школы», але пазней адпусцілі. Цяпер 43-гадовы брэстаўчанін з'яўляецца падазраваным па заведзенай пракуратурай крымінальнай справе за распальванне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці (арт. 130 Крымінальнага кодэкса).

12 сакавіка ў Беларусь вярнулася дырэктарка ТАА «Польская школа» Ганна Панішава і была адразу затрыманая. Яе перавялі ў брэсцкі СІЗА-7, дзе яна застаецца пад вартай. Ганне прад'яўлена абвінавачванне.

18 сакавіка пракуратура Брэста падала пазоў аб ліквідацыі ТАА «Польская школа». Падстава — «грубае парушэнне заканадаўства, якое пацягнула за сабой прычыненне шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам». Адначасова сілавікі пачалі правяраць польскія адукацыйныя цэнтры ў іншых гарадах — напрыклад, у Гродне, Баранавічах, Ваўкавыску.

23 сакавіка ў Гродне затрымалі старшыню Саюза палякаў Анжаліку Борыс. На яе склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства — неафіцыйнага свята «Казюкі», а затым арыштавалі на 15 сутак. Пазней стала вядома, што яна таксама стала фігуранткай справы па ч. 3 арт. 130 КК аб дзеяннях, накіраваных на распальванне варожасці, рэабілітацыі нацызму.

25 сакавіка ў Гродне быў затрыманы журналіст і сябра Саюза палякаў Андрэй Пачобут. У яго дома правялі ператрус, а затым яго павезлі ў Мінск на допыт. Ён застаецца ў СІЗА-1 у Мінску ў статусе падазраванага па справе па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

У той жа дзень сілавікі прыйшлі з ператрусамі і затрымалі дырэктарку грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыю Цішкоўскую і кіраўніцу Лідскага аддялення Саюза палякаў у Беларусі Ірэну Бернацкую. Жанчын таксама прывезлі ў Мінск і пакінулі ў СІЗА-1 пад вартай у межах той жа крымінальнай справы аб рэабілітацыі нацызму.